Частка першая

Агляд войскаў на полі бітвы Курукшэтра

Верш 1.1 : Дхрытараштра спытаў: О Санджая, што сталі рабіць мае сыны й сыны Панду, калі, палаючы жаданьнем уступіць у бой, сабраліся ў месцы паломніцтва, на полі Курукшэтры?

Верш 1.2 : Санджая сказаў: Агледзеўшы баявыя парадкі арміі сыноў Панду, цар Дур'ёдхана падышоў да свайго настаўніка й прамовіў такія словы.

Верш 1.3 : Зірні, о настаўнік, на велізарнае войска сыноў Панду, якое так па-майстэрску вышыхаваў твой адораны вучань, сын Друпады.

Верш 1.4 : У гэтай арміі шмат адважных лучнікаў, якія не саступаюць у баі Бхіме ды Арджуне. Сярод іх такія вялікія воіны, як Ююдхана, Вірата й Друпада.

Верш 1.5 : На іх баку вялікія, адважныя й магутныя воіны Дхрыштакету, Чэкітана, Кашыраджа, Пуруджыт, Куньцібходжа й Шайб'я.

Верш 1.6 : Зь імі магутны Юдхаманью, грозны Ўттамаўджа, а таксама сын Субхадры й сыны Драўпадзі. Усе яны вялікія воіны, якія валодаюць майстэрствам бою на калясьніцах.

Верш 1.7 : А цяпер, о лепшы з брахманаў, даведайся ад мяне пра выдатных ваеначальнікаў, якія павядуць у бой маё войска.

Верш 1.8 : Сярод іх такія непераможныя воіны, як ты сам, Бхішма, Карна, Крыпа, Ашваттхама, Вікарна й сын Сомадатты на імя Бхурышрава.

Верш 1.9 : У нашых шэрагах шмат іншых герояў, гатовых аддаць за мяне сваё жыцьцё. Усе яны валодаюць разнастайнымі відамі зброі і дасьведчаныя ў вядзеньні бою.

Верш 1.10 : Нашыя сілы невымерныя, а наша армія надзейна абароненая дзедам Бхішмам, тады як сілы Пандаваў, якія старанна абараняе Бхіма, абмежаваныя.

Верш 1.11 : Кожны з вас, абараняючы свае пазыцыі ў баявых парадках, павінен аказваць усялякую падтрымку Бхішме.

Верш 1.12 : Тады Бхішма, мужны старэйшына роду Куру, самы шаноўны з тых воінаў, што сабраліся на Курукшэтры, гучна затрубіў у сваю ракавіну, і яе гук, падобны ільвінаму рыку, напоўніў радасьцю сэрца Дур'ёдханы.

Верш 1.13 : Паўтараючы яму, разам загучалі ракавіны, барабаны, трубы, горны й ражкі, напоўніўшы паветра громападобным гулам.

Верш 1.14 : Затым на другім баку Госпад Крышна й Арджуна, якія стаялі на цудоўнай калясьніцы, запрэжанай белымі коньмі, затрубілі ў свае боскія ракавіны.

Верш 1.15 : Госпад Крышна затрубіў у Сваю ракавіну Панчаджанью, а Арджуна ў сваю, Дэвадатту; ненаедны Бхіма, слаўны сваімі волатаўскімі подзьвігамі, затрубіў у сваю велізарную ракавіну Паўндру.

Вершы 1.16-18 : Цар Юдхіштхіра, сын Куньці, затрубіў у сваю ракавіну Анантавіджаю, а Накула й Сахадэва – у ракавіны Сугхошу й Маніпушпаку. Вялікі лучнік цар Кашы, вялікі воін Шыкхандзі, Дхрыштадзьюмна, Вірата, непераможны Сацьякі, Друпада, сыны Драўпадзі ды іншыя воіны, такія, як магутнарукі сын Субхадры, о васпан, таксама затрубілі кожны ў сваю ракавіну.

Верш 1.19 : Грамавыя гукі іхных ракавінаў зьліліся ў бясьперапынны гул. Агалошваючы неба й зямлю, яны прымусілі здрыгануцца сэрцы сыноў Дхрытараштры.

Верш 1.20 : Тады Арджуна, сын Панду, які сядзеў на калясьніцы, аздобленай сьцягам з выявай Ханумана, ускінуў свой лук і падрыхтаваўся страляць. Але, зірнуўшы на сыноў Дхрытараштры, якія вышыхаваліся ў баявыя калёны, о цар, Арджуна зьвярнуўся да Госпада Крышны з такімі словамі.

Вершы 1.21-22 : Арджуна сказаў: О бязгрэшны, прашу Цябе, выведзі наперад маю калясьніцу і пастаў яе паміж двума войскамі, каб я мог убачыць тых, хто прыйшоў сюды, жадаючы пазмагацца з намі, і з кім мне трэба будзе сысьціся ў гэтай вялікай бітве.

Верш 1.23 : Дазволь мне зірнуць на тых, хто зьбіраецца змагацца з намі дзеля таго, каб дагадзіць нядобраму сыну Дхрытараштры.

Верш 1.24 : Санджая сказаў: О нашчадак Бхараты, у адказ на просьбу Арджуны Госпад Крышна вывеў наперад ягоную цудоўную калясьніцу й паставіў яе паміж двума войскамі.

Верш 1.25 : Перад тварам Бхішмы, Дроны і ўсіх уладароў сьвету Госпад сказаў: «Зірні ж, о Партха, на ўсіх сабраных тут Куру».

Верш 1.26 : Стоячы паміж двума войскамі, Арджуна ўбачыў у іх шэрагах сваіх бацькоў, дзядоў, настаўнікаў, дзядзькаў па маці, братоў, сыноў, унукаў, сяброў, а таксама цесьцяў і добразычліўцаў.

Верш 1.27 : Калі сын Куньці, Арджуна, убачыў на полі бітвы ўсіх сваіх сяброў і сваякоў, сэрца яго напоўнілася спачуваньнем. Прыгнечаны, ён вымавіў такія словы.

Верш 1.28 : Арджуна сказаў: О Крышна, бачачы перад сабой сяброў і сваякоў, ахопленых жаданьнем змагацца, я адчуваю, як у мяне падкошваюцца ногі, а ў роце перасыхае.

Верш 1.29 : Цела маё ахапіла дрыготка, валасы ўсталі дыбам, лук Ганьдзіва выпадае з маіх рук, а скура гарыць, як у агні.

Верш 1.30 : Я больш ня ў сілах заставацца тут. Памяць адмаўляе мне, і мой розум памутнеў. Усё, што я бачу, прадвяшчае адныя толькі няшчасьці, о Крышна, забойца дэмана Кешы.

Верш 1.31 : Я не разумею, якую карысьць я атрымаю, забіўшы ў гэтай бітве сваіх суродзічаў. Ані перамога, ані царства, ані шчасьце, што дастануцца такой цаной, не патрэбны мне, о Крышна.

Вершы 1.32-35 : О Говінда, навошта нам царства, шчасьце, ды й само жыцьцё, калі ўсе тыя, дзеля каго мы імкнемся валодаць гэтым, сабраліся цяпер на полі бітвы? О Мадхусудана, калі настаўнікі, бацькі, сыны, дзяды, дзядзькі па маці, цесьці, унукі, зяці, швагры і іншыя сваякі стаяць перада мной, гатовыя расстацца з жыцьцём і страціць усё, ці магу я жадаць іх сьмерці, нават калі інакш яны заб'юць мяне? О захавальнік усіх жывых істотаў, я не хачу змагацца зь імі нават у абмен на ўсе тры сьветы, ня кажучы ўжо пра зямлю. Ці шмат радасьці прынясе нам зьнішчэньне сыноў Дхрытараштры?

Верш 1.36 : Забіўшы тых, хто пагражае нам цяпер вайной, мы пакрыем сябе грахом. Таму нам нельга забіваць сыноў Дхрытараштры і сваіх сяброў. Чаго мы даможамся гэтым, о Крышна, муж багіні ўдачы? Як можа сьмерць сваякоў прынесьці нам шчасьце?

Вершы 1.37-38 : О Джанардана, хай гэтыя людзі, чыімі сэрцамі завалодала прагнасьць, ня бачаць граху ў забойстве сваякоў або ў звадах зь сябрамі, але чаму мы, ведаючы пра тое, якім цяжкім злачынствам зьяўляецца зьнішчэньне роду, павінны ўдзельнічаць у гэтым ліхадзействе?

Верш 1.39 : Вынішчэньне роду прыводзіць да разбурэньня адвечных сямейных традыцыяў, а чальцы сям'і, якія засталіся ў жывых, забываюць законы рэлігіі.

Верш 1.40 : Калі ў родзе запануе бязбожнасьць, о Крышна, жанчыны ў ім разбэшчваюцца, а разбэшчваньне жанчын, о нашчадак Врышні, прыводзіць да зьяўленьня на сьвет нежаданых нашчадкаў.

Верш 1.41 : Рост колькасьці нежаданых дзяцей непазьбежна прыводзіць да таго, што чальцы сям'і і людзі, якія разбураюць сямейныя традыцыі, трапляюць у пекла. З выраджэньнем роду, продкаў такіх сем'яў чакае падзеньне, бо нашчадкі перастаюць падносіць ім ежу і ваду.

Верш 1.42 : Грахі тых, хто разбурае сямейныя традыцыі і спрыяе зьяўленьню нежаданых дзяцей, спыняюць дзейнасьць на карысьць сям'і й грамадзтва ў цэлым.

Верш 1.43 : О Крышна, захавальнік роду чалавечага, ад настаўнікаў, якія належаць да ланцуга вучнёўскай пераемнасьці, я чуў, што тыя, чые сямейныя традыцыі разбураныя, навекі пасяляюцца ў пекле.

Верш 1.44 : Ці ня дзіўна, што й мы цяпер задумваем найцяжкі грэх? Рухомыя жаданьнем атрымаць асалоду ад радасьцяў валадараньня, мы гатовыя забіць сваіх блізкіх.

Верш 1.45 : Для мяне лепш, калі сыны Дхрытараштры са зброяй у руках заб'юць мяне на полі бою, бяззбройнага й не жадаючага супраціўляцца.

Верш 1.46 : Санджая сказаў: Прамовіўшы гэта на полі бою, Арджуна адкінуў у бок лук і стрэлы і сеў у калясьніцы, ахоплены смуткам.

Навігацыя галоўнага мэню