Я адзіны, хто цешыцца ўсімі ахвярапрынашэньнямі і загадвае імі. Таму тыя, хто не спасьціг Маёй сапраўднай духоўнай прыроды, асуджаны на падзеньне.
Тут ясна сказана, што ўсе шматлікія ахвярапрынашэньні, рэкамэндаваныя ў Ведах, насамрэч прызначаны для таго, каб даставіць задавальненьне Вярхоўнаму Госпаду. Ягйа значыць «Вішну». У трэцяй частцы «Бхагавад-гіты» прама сказана: чалавек павінен працаваць для задавальненьня Яг'і, то бок Вішну. Ідэальная грамадзкая будова, якая мае назву варнашрама-дхарма, прызначана вылучна для задавальненьня Вішну. Таму ў дадзеным вершы Крышна кажа: «Усімі ахвярапрынашэньнямі цешуся Я, бо ўсё належыць Мне». Аднак, ня ведаючы пра гэта, неразумныя людзі пакланяюцца напаўбагам дзеля мінучых матэрыяльных дабротаў. Таму яны ўвесь час вядуць матэрыяльнае існаваньне і не дасягаюць вышэйшай мэты жыцьця. Калі ў чалавека засталіся нейкія матэрыяльныя жаданьні, яму лепш прасіць выканаць іх Вярхоўнага Госпада (хоць гэта нельга лічыць чыстым адданым служэньнем), і ён атрымае ўсё, чаго жадае.