Я – усёпаглынальная сьмерць і стваральны пачатак усяго, чаму наканавана зьявіцца на сьвет. З жанчын Я – Слава, Посьпех, Красамоўства, Памяць, Розум, Мэтанакіраванасьць і Цярплівасьць.*
Ледзь зьявіўшыся на сьвет, чалавек адразу пачынае паміраць. Кожнае імгненьне сьмерць адымае ў нас частку жыцьця, аднак уласна сьмерцю называецца яе апошні ўдар. Гэтая сьмерць і ёсьць Крышна. Цягам жыцьця ўсе істоты перажываюць шэсьць асноўных зьменаў. Яны нараджаюцца, растуць, нейкі час застаюцца нязьменнымі, нараджаюць нашчадкаў, потым старэюць і нарэшце паміраюць. З гэтых шасьці зьменаў першае, зьяўленьне на сьвет з улоньня маці, увасабляе Крышну. Народзіны – гэта пачатак усёй наступнай дзейнасьці.
Сем пералічаных у гэтым вершы вартасьцяў: слава, посьпех, вытанчаная гаворка, памяць, розум, мэтанакіраванасьць і цярплівасьць – маюць жаночы пачатак. Валоданьне ўсімі імі ці некаторымі зь іх робіць чалавека дабрадзейным і прыносіць яму славу. Добрая рэпутацыя прыносіць славу. Санскрыт – ува ўсіх адносінах дасканалая мова, і гэтым ён славіцца. Той, хто хутка запамінае вывучаны матэрыял, славіцца добрай памяцьцю, ці смріті. A здольнасьць, прачытаўшы шмат кніг па розных галінах ведаў, засвоіць іх зьмест і ў выпадку патрэбы ўжываць атрыманыя веды на практыцы называюць розумам (медха), яшчэ адной з сямі вартасьцяў. Здольнасьць пераадольваць няўстойлівасьць называюць цьвёрдасьцю характару, ці мэтанакіраванасьцю (дхріті). A калі, валодаючы ўсімі гэтымі вартасьцямі, чалавек застаецца сьціплым і мяккім і ня надта паддаецца смуткам і радасьцям, гэтую ягоную якасьць называюць цярплівасьцю (кшама).
* Жаночыя якасьці, што ўвасабляюцца багінямі, якія маюць адпаведныя імёны: Кірці, Шры і г. д. (Заўв. рэдактара.)