Бг. 2.69

या निशा सर्वभूतानां तस्यां जागर्ति संयमी ।
यस्यां जाग्रति भूतानि सा निशा पश्यतो मुनेः ॥ ६९ ॥
йа ніша сарва-бхутанам
тасйам джагарті самйамі
йасйам джаграті бхутані
са ніша пашйато мунех

Паслоўны пераклад

йа — якая; ніша — ноч; сарва — усіх; бхутанам — жывых істотаў; тасйам — у той; джагарті — ня сьпіць; самйамі — які валодае сабой; йасйам — у якую; джаграті — ня сьпяць; бхутані — істоты; са — тая; ніша — ноч; пашйатах — занятага самасузіраньнем; мунех — мудраца.

Пераклад

Тое, што для ўсіх істотаў ноч, для таго, хто валодае сабой, час абуджэньня; калі ж усе істоты ня сьпяць, для мудраца, які паглынуты пазнаньнем сябе, настае ноч.

Камэнтар

Існуюць два тыпы разумных людзей. Да першага адносяць тых, хто пасьпяхова выкарыстоўвае свой розум, займаючыся матэрыяльнай дзейнасьцю дзеля пачуцьцёвых задавальненьняў, а да другога – тых, хто схільны да самасузіраньня і імкнецца спасьцігнуць сваё сапраўднае «я». Заняткі пагружанага ў самасузіраньне мудраца ці мысьляра – нібы цёмная ноч для тых, хто паглынуты мірскімі справамі. Нічога ня ведаючы пра духоўную навуку, матэрыялістычныя людзі сьпяць у цемры невуцтва, аднак для мудраца, чый позірк зьвернуты ўнутр, іх ноч – час абуджэньня. Ідучы духоўным шляхам, мудрэц адчувае трансцэндэнтную асалоду, тады як мірскія людзі, глухія да духоўнай навукі, бачаць у сьне разнастайныя пачуцьцёвыя задавальненьні, якія часам прыносяць ім шчасьце, а часам – пакуты. Чалавек, заняты самасузіраньнем, стаіць убаку ад мірскіх радасьцяў і пакутаў. Ён працягвае духоўна дасканаліцца, не зважаючы на вонкавыя акалічнасьці.

Навігацыя галоўнага мэню