Той, хто не ўсталяваў сувязі з Усявышнім [у сьвядомасьці Крышны], ня здольны адухавіць свой розум і засяродзіць вум. Такі чалавек ня ведае супакаеньня, а без супакаеньня хіба можна быць шчасьлівым?
Той, хто пазбаўлены сьвядомасьці Крышны, ня ведае супакаеньня. У пятай частцы «Бхагавад-гіты» (верш 29) сказана, што сапраўднае супакаеньне чалавек знойдзе толькі тады, калі зразумее, што Крышна цешыцца ўсімі ахвяраваньнямі й пладамі ўсяго аскетызму, што Ён – вярхоўны валадар усіх плянэтаў у сусьвеце й сапраўдны сябар усіх жывых істотаў. Калі чалавек не валодае сьвядомасьцю Крышны, ягоны вум будзе бязмэтна блукаць, не прыходзячы ні да якое высновы. Занепакоенасьць узьнікае праз адсутнасьць вышэйшае мэты, і, калі чалавек нарэшце разумее, што Крышна – той, хто атрымлівае найвялікшую асалоду, валадар усяго існага й сябар кожнага, ягоны вум суцішаецца і ён знаходзіць супакаеньне. Вось чаму той, чыя дзейнасьць не зьвязана з Крышнам, заўсёды нечым занепакоены, чым бы ён ні займаўся і як бы ні спрабаваў стварыць бачнасьць супакоенасьці й духоўнасьці. Сьвядомасьць Крышны – гэта натуральнае супакаеньне, знайсьці якое можна толькі ў зносінах з Крышнам.