Душа не нараджаецца й не памірае. Яна ніколі не ўзьнікала, не ўзьнікае і ня ўзьнікне. Яна ненароджаная, вечная, заўсёды існая і спрадвечная. Яна ня гіне, калі гіне цела.
Па сваіх якасьцях бясконца малая аддзеленая часьцінка Вышэйшага Духу неадрозьніваецца ад Усявышняга. Яна не падвяргаецца тым зьменам, празь якія праходзіць матэрыяльнае цела. Часам душу называюць нерухомай (кута-стха). Цела праходзіць праз шэсьць відаў зьменаў: яно зьяўляецца на сьвет з улоньня маці, пэўны час існуе, расьце, нараджае сабе падобных, паступова зьвядае і, нарэшце, ідзе ў нябыт. Аднак душа не падвяргаецца зьменам. Душу называюць ненароджанай, але, з-за таго, што яна знаходзіцца ў матэрыяльным целе, здаецца, быццам яна нараджаецца разам зь целам. Насамрэч душа, якая знаходзіцца ў целе, не нараджаецца й не памірае. Усё народжанае асуджана на сьмерць. Але паколькі душа не нараджаецца, для яе няма мінулага, сучаснасьці і будучага. Яна вечная, заўсёды існая й спрадвечная. Іншымі словамі, немагчыма вызначыць час яе зьяўленьня на сьвет. Мы спрабуем вызначыць, калі душа зьявілася на сьвет, толькі таму, што пашыраем на яе целавыя ўяўленьні. У адрозьненьні ад цела, душа ніколі не старэе. Вось чаму так званыя старыя часам адчуваюць сябе дзецьмі ці юнакамі. Зьмены, што адбываюцца зь целам, не закранаюць душы. Душа ніколі не зьвядае, як гэта адбываецца з дрэвам ці якім іншым матэрыяльным прадметам. Яна таксама не нараджае пабочных прадуктаў. Спараджэньні нашага цела, нашы дзеці, зьяўляюцца самастойнымі індывідуальнымі душамі, і мы лічым іх сваімі дзецьмі толькі з-за таго, што яны зьвязаныя з нашым целам. Цела разьвіваецца дзякуючы наяўнасьці душы, але сама душа нікога не нараджае і не перажывае ніякіх зьменаў. Такім чынам, душа не падвяргаецца шасьці відам зьменаў, празь якія праходзіць цела.
У «Катха-ўпанішад» (1.2.18) ёсьць падобны верш:
«Сэнс і значэньне гэтага верша супадае з сэнсам дадзенага верша «Бхагавад-гіты», аднак у ім ужыта адно цікавае слова віпашчіт, што значыць «навуковая» ці «якая валодае ведамі».
Душа споўнена веданьня, інакш кажучы, яна заўсёды валодае сьвядомасьцю. Сьвядомасьць – неад'емная ўласьцівасьць душы. Нават калі ў нас не атрымаецца знайсьці душу там, дзе яна знаходзіцца, – у сэрцы, мы ўсе роўна можам вызначыць яе прысутнасьць па наяўнасьці сьвядомасьці. Часам мы ня бачым сонца, таму што неба зацягнута аблокамі ці па нейкай іншай прычыне. Аднак разьлітае паўсюль сонечнае сьвятло сьведчыць пра тое, што цяпер дзень. Калі ўранку неба сьвятлее, мы адразу разумеем, што сонца ўзыходзіць. Aналягічным чынам, сьвядомасьць, якая прысутнічае ў кожным целе – і ў целе чалавека, і ў целе жывёлы, – паказвае на тое, што ў ім знаходзіцца душа. Аднак сьвядомасьць індывідуальнай душы адрозьніваецца ад сьвядомасьці Ўсявышняга, бо Яго сьвядомасьць усёахопная. Госпад ведае ўсё, што адбывалася ў мінулым, адбываецца цяпер і адбудзецца ў будучыні. Індывідуальнай душы ўласьцівая няпамятлівасьць. Калі душа забывае пра сваю сапраўдную прыроду, яна можа атрымаць веды, услухваючыся ў настаўленьні Крышны. Але Самога Крышну ніяк нельга прыраўнаць да няпамятлівай душы. У адваротным выпадку Ягоныя настаўленьні ў «Бхагавад-гіце» ня мелі б ніякага сэнсу.
Ёсьць два тыпы душы – драбнюткая індывідуальная душа (ану-атма) і Звышдуша (вібху-атма). Гэта пацьвярджае «Катха-ўпанішад» (1.2.20):
«Звышдуша [Параматма] і індывідуальная душа [джіватма] сядзяць на адным дрэве цела, у сэрцы жывой істоты, але толькі той, хто пазбавіўся ўсіх матэрыяльных жаданьняў і смутку, можа з ласкі Ўсявышняга спасьцігнуць веліч душы». Як мы даведаемся з наступных частак, Крышна зьяўляецца крыніцай Звышдушы, а Aрджуна адносіцца да катэгорыі няпамятлівых індывідуальных душаў і таму мае патрэбу ў настаўленьнях Крышны ці Яго сапраўднага прадстаўніка, духоўнага настаўніка.