Бг. 14.2

इदं ज्ञानमुपाश्रित्य मम साधर्म्यमागता: ।
सर्गेऽपि नोपजायन्ते प्रलये न व्यथन्ति च ॥ २ ॥
ідам джнанам упашрітйа
мама садхармйам агатах
сарге 'пі нопаджайанте
пралайе на вйатханті ча

Паслоўны пераклад

ідам — у гэтым; джнанам — у веданьні; упашрітйа — знойдучы прыстанак; мама — Маю; садхармйам — тую ж самую прыроду; агатах — якія здабылі; сарге апі — нават у пэрыяд стварэньня (матэрыяльнага сьвету); на — не; упаджайанте — нараджаюцца; пралайе — у пэрыяд разбурэньня; на — не; вйатханті — пакутуюць; ча — таксама.

Пераклад

Той, хто непахісна зацьвердзіўся ў гэтым веданьні, атрымлівае такую ж духоўную прыроду, як у Мяне. Такі чалавек больш не народзіцца падчас стварэньня гэтага сьвету і ня будзе пакутаваць падчас яго зьнішчэньня.

Камэнтар

Той, хто знайшоў дасканалае духоўнае веданьне, разрывае кола нараджэньня й сьмерці і робіцца якасна тоесным Вярхоўнай Асобе Бога. Пры гэтым ён, аднак, захоўвае самастойнае існаваньне і застаецца індывідуальнай душой. У Ведах гаворыцца, што вызваленыя душы, якія дасягнулі трансцэндэнтных плянэтаў духоўнага неба, заўсёды сузіраюць лотасавыя стопы Вярхоўнага Госпада, служачы Яму зь любоўю і адданасьцю. Такім чынам, нават атрымаўшы вызваленьне, адданыя не губляюць сваёй індывідуальнасьці.

Любое веданьне, якое мы атрымліваем у матэрыяльным сьвеце, апаганена ўплывам трох гунаў матэрыяльнай прыроды. Веданьне, не апаганенае іх уплывам, называюць трансцэндэнтным. Знаходзячы такое веданьне, чалавек дасягае ўзроўня, на якім знаходзіцца Сам Вярхоўны Госпад. Людзі, якія ня ведаюць пра духоўны сьвет, лічаць, што, спыніўшы займацца матэрыяльнай дзейнасьцю і вызваліўшыся з кайданоў матэрыяльнага цела, вечная душа пазбаўляецца сваёй формы і індывідуальнасьці. Але ў духоўным сьвеце, як і ў матэрыяльным, існуе разнастайнасьць, заснаваная на індывідуальнасьці. Тыя, хто ня ведае пра гэта, думаюць, што духоўнае быцьцё зьяўляецца поўнай процілегласьцю матэрыяльнай разнастайнасьці. Аднак насамрэч, трапляючы ў духоўны сьвет, жывая істота атрымлівае духоўную форму. У духоўным сьвеце яна займаецца духоўнай дзейнасьцю, і гэта дзейнасьць называецца жыцьцём у адданасьці. Aтмасфэра духоўнага сьвету не апаганена ўплывам матэрыяльных гунаў, і жывыя істоты там якасна неадрозныя ад Вярхоўнай Асобы Бога. Каб знайсьці гэтае веданьне, трэба разьвіць у сабе ўсе духоўныя якасьці. Той, хто валодае гэтымі якасьцямі, не нараджаецца ў матэрыяльным сьвеце ў пэрыяд яго стварэньня і ня гіне разам з гэтым сьветам падчас яго зьнішчэньня.

Навігацыя галоўнага мэню