Той, хто ведае боскую прыроду Майго зьяўленьня і дзеяньняў, ніколі больш не нараджаецца ў матэрыяльным сьвеце. Пакінуўшы цела, ён дасягае Маёй вечнай абіцелі, о Aрджуна.
У шостым вершы расказвалася пра тое, як Госпад сыходзіць у матэрыяльны сьвет са Сваёй духоўнай абіцелі. Той, хто спасьціг сапраўдную прыроду Ягонага зьяўленьня, ужо вызваліўся з матэрыяльнага палону. Таму, пакінуўшы сваё цяперашняе, матэрыяльнае цела, ён адразу вернецца ў царства Бога. Вырвацца з матэрыяльнага палону надзвычай цяжка. Імпэрсаналісты і йогі атрымліваюць вызваленьне цаной вялікіх намаганьняў, і то нават пасьля многіх жыцьцяў. Да таго ж вызваленьне, якое яны атрымліваюць, пагружаючыся ў безасабовае брахмаджйоті Госпада, нельга назваць поўным, бо яно не выключае магчымасьці іх вяртаньня ў матэрыяльны сьвет. Аднак адданы, які спасьціг боскую прыроду цела Госпада і Ягоных дзеяньняў, пакінуўшы цела, трапляе ў царства Бога і больш ніколі не вяртаецца ў матэрыяльны сьвет. У «Брахма-самхіце» (5.33) гаворыцца, што ў Госпада вялікае мноства розных экспансый і ўвасабленьняў: адваітам ачйутам анадім ананта-рупам. Але, нягледзячы на тое што ў Госпада вельмі шмат трансцэндэнтных вобразаў, усе яны ёсьць адна й тая ж Вярхоўная Асоба Бога. Гэта ісьціна недаступная разуменьню мірскіх вучоных і філёзафаў, але адданыя павінны цьвёрда засвоіць яе. У Ведах (Пуруша-бодхіні-ўпанішад) сказана:
«Адзіны Вярхоўны Госпад, прымаючы мноства боскіх вобразаў, мае зносіны са Сваімі чыстымі адданымі, і іхныя стасункі вечныя». Госпад Сам пацьвярджае гэта ў дадзеным вершы «Бхагавад-гіты». Той, хто прызнае гэту ісьціну, прымаючы аўтарытэт Ведаў і Вярхоўнай Асобы Бога, і не марнуе час на філязофскія пошукі, вызваляецца з матэрыяльнага палону і дасягае вышэйшай дасканаласьці. Трэба толькі верыць у гэтую ісьціну, каб атрымаць вызваленьне. Менавіта яна раскрывае сапраўдны сэнс ведычнага афарызма тат твам асі [«ты той»]. Кожны, хто ўсьвядоміў, што Госпад Крышна – Усявышні, і, зьвяртаючыся да Яго, кажа: «Ты і ёсьць той самы Вярхоўны Брахман, Асоба Бога», – вельмі хутка атрымае вызваленьне і ў будучыні абавязкова ўступіць у трансцэндэнтныя зносіны з Госпадам. Іншымі словамі, адданы Госпада, які валодае такой верай, дасягае дасканаласьці, што таксама пацьвярджаецца ў Ведах:
«Каб раз і назаўжды вызваліцца з колазвароту нараджэньняў і сьмерцяў, неабходна спасьцігнуць Госпада, Вярхоўную Асобу. Іншага шляху да дасканаласьці не існуе» (Шветашватара-ўпанішад, 3.8). Сьцьверджаньне пра тое, што іншага шляху не існуе, трэба разумець так: калі чалавек не ўсьведамляе, што Крышна – Вярхоўная Асоба Бога, ён, безумоўна, знаходзіцца пад уплывам гуны невуцтва і таму ніколі ня зможа атрымаць вызваленьне, як бы ён ні імкнуўся пранікнуць у сэнс «Бхагавад-гіты», абапіраючыся на сваю мірскую эрудыцыю. Яго можна прыраўнаць да таго, хто аблізвае звонку слоік зь мёдам. Такія філёзафы-гйані могуць мець аўтарытэт у матэрыяльным сьвеце, але гэта яшчэ не гарантуе ім вызваленьня. Адзіная надзея для гэтых пыхлівых мірскіх вучоных – беспадстаўная міласьць адданага Госпада. Такім чынам, кожны павінен імкнуцца разьвіць у сабе сьвядомасьць Крышны, абапіраючыся на веру й веды, – тады мы зможам дасягнуць дасканаласьці.