4.6

अजोऽपि सन्नव्ययात्मा भूतानामीश्वरोऽपि सन् ।
प्रकृतिं स्वामधिष्ठाय सम्भवाम्यात्ममायया ॥ ६ ॥
аджо 'пі санн авйайатма
бхутанам ішваро 'пі сан
пракрітім свам адхіштхайа
самбхавамй атма-майайа

Паслоўны пераклад

аджах — ненароджаны; апі — нягледзячы на тое, што; сан — які зьяўляецца; авйайа — ня схільнае да тленьня; атма — той, чыё цела; бхутанам — тых, хто нараджаецца; ішварах — Вярхоўны Госпад; апі — хоць; сан — які зьяўляецца; пракрітім — у трансцэндэнтную форму; свам — Сваю; адхіштхайа — увайшоўшы; самбхавамі — прыходжу; атма-майайа — з дапамогай Сваёй унутранай энэргіі.

Пераклад

Хоць Я ненароджаны і Маё трансцэндэнтнае цела нятленнае, хоць Я – валадар усіх жывых істотаў, у кожную эпоху сілай Сваёй унутранай энэргіі Я зьяўляюся ў гэтым сьвеце ў Сваім спрадвечным духоўным вобразе.

Камэнтар

Госпад кажа тут пра асаблівасьць Свайго зьяўленьня на сьвет: нараджаючыся, нібы звычайны чалавек, Ён, тым ня менш, помніць усё, што адбывалася зь Ім падчас вялікага мноства «мінулых жыцьцяў», тады як звычайнаму чалавеку бывае цяжка ўспомніць нават тое, чым ён займаўся некалькі гадзін таму. Калі спытаць кожнага з нас, што мы рабілі ў гэты ж час учора, мы наўрад ці адкажам адразу. Звычайнаму чалавеку пэўна давядзецца напружваць памяць, каб успомніць, што адбывалася зь ім напярэдадні. І ўсё ж знаходзяцца людзі, якія адважваюцца называць сябе Богам, ці Крышнам. Іх бессэнсоўныя заявы не павінны зьбіваць нас з панталыку.

У гэтым вершы Госпад таксама кажа пра Сваю пракріті, ці форму. Слова пракріті можа перакладацца як “прырода” ці як “уласная форма” (сварупа). Госпад кажа, што Ён прыходзіць у матэрыяльны сьвет ва ўласным целе. Ен не мяняе целы, як гэта робіць звычайная жывая істота. У гэтым жыцьці абумоўленая душа мае адно цела, а ў наступным – іншае. У матэрыяльным сьвеце ў жывой істоты няма сталага цела: ёй увесь час даводзіцца перасяляцца зь цела ў цела. Але да Госпада гэта ня мае дачыненьня. Кожны раз, калі Ён зьяўляецца ў матэрыяльным сьвеце, Ён прыходзіць у Сваім спрадвечным вобразе і робіць гэта сілай Сваёй унутранай энэргіі. Інакш кажучы, Крышна зьяўляецца ў матэрыяльным сьвеце ў Сваім спрадвечным вечным вобразе зь дзьвюма рукамі, у якіх Ён трымае флейту. Ён зьяўляецца ў Сваім вечным целе, не апаганеным матэрыяй. Але, хаця Госпад сыходзіць у матэрыяльны сьвет у духоўным целе і зьяўляецца валадаром сусьвету, на першы пагляд можа здацца, што Ён нараджаецца зусім як звычайная істота. І хоць цела Госпада Крышны, у адрозьненьне ад матэрыяльнага цела, не падуладнае зьменам, здаецца, быццам Ён расьце: зь дзіцяці ператвараецца ў падлетка, а потым – у юнака. Але, што самае дзіўнае, Ён заўсёды застаецца маладым. Да таго часу, калі адбылася бітва на Курукшэтры, у Крышны ўжо было шмат унукаў, інакш кажучы, па матэрыяльных мерках Ён знаходзіўся ў сталым веку. Тым ня менш Ён выглядаў маладым чалавекам дваццаці-дваццаці пяці гадоў. Мы ніколі ня ўбачым выяў Крышны ў старасьці, таму што, у адрозьненьне ад нас, Ён ніколі не старэе, хоць і зьяўляецца самым старым ува ўсім стварэньні і ва ўсе часы – у мінулым, цяпер і ў будучым. Ягонае цела й розум не старэюць і не зьмяняюцца. Адсюль ясна, чаму, нават прыходзячы ў матэрыяльны сьвет, Госпад застаецца ненароджаным і чаму Ягоны розум і вечнае трансцэндэнтнае цела, споўненае асалоды й веданьня, называюць нятленнымі.

Зьяўленьне Госпада і Ягоны сыход падобны да руху сонца, якое ўзыходзіць, праходзіць над намі, а потым зьнікае зь віду. Калі сонца зьнікае, нам падаецца, што яно села, а калі яно зноў зьяўляецца ў нас перад вачыма, мы кажам, што сонца ўзышло над гарызонтам. Насамрэч сонца заўсёды застаецца на небе, а паколькі нашы ворганы пачуцьцяў недасканалыя, мы лічым, быццам яно то зьяўляецца, то зьнікае. Зьяўленьне Госпада Крышны і Ягоны сыход не падобныя на народзіны й сьмерць звычайнай істоты: дзякуючы магутнасьці Яго ўнутранай энэргіі Ён заўсёды застаецца вечным, споўненым асалоды й веданьня, і Яго ня можа крануць матэрыяльная гнюсь. У «Ведах» таксама сказана, што, хаця Вярхоўны Госпад ненароджаны, здаецца, быццам Ён нараджаецца, зьяўляючыся ў розных вобразах. У пісаньнях, якія дапаўняюць Веды, гаворыцца, што, нават, здавалася б, нараджаючыся ў матэрыяльным сьвеце, Госпад не зьмяняе цела. З «Бхагаватам» мы даведваемся, што Ён паўстаў перад Сваёй маці ў вобразе чатырохрукага Нараяны, упрыгожаны ўсімі шасьцю дасканаласьцямі. Прыходзячы ў матэрыяльны сьвет у Сваім спрадвечным, вечным вобразе, Вярхоўны Госпад выказвае жывым істотам беспадстаўную міласьць: дзякуючы гэтаму яны могуць засяродзіць свой разумовы пагляд на сапраўдным вобразе Госпада, а ня на нейкім уяўным вобразе, прыдуманым імпэрсаналістамі. Паводле слоўніка «Вішва-коша», слова майа, ці атма-майа, можа ўказваць на беспадстаўную міласьць Госпада. Госпад помніць усе Свае папярэднія зьяўленьні й сыходы, а звычайная істота, атрымаўшы новае цела, адразу ж забывае пра тое, што адбывалася зь ёй у папярэднім жыцьці. Госпад зьяўляецца валадаром усіх жывых істотаў, бо, прыходзячы на зямлю, Ён зьдзяйсьняе цудоўныя, звышчалавечыя дзеяньні. Такім чынам, Госпад заўсёды застаецца нязьменнай Aбсалютнай Ісьцінай – паміж Ягоным целам і Ім самім няма ніякай розьніцы. Тады можа паўстаць пытаньне: чаму Госпад зьяўляецца ў гэтым сьвеце, а потым пакідае яго? Адказ на гэтае пытаньне даецца ў наступным вершы.

Навігацыя галоўнага мэню