Атрымаўшы ад душы, якая ўсьвядоміла сябе, сапраўднае веданьне, ты больш ніколі не памылісься, бо гэтае веданьне дапаможа табе ўбачыць, што ўсе жывыя істоты – часьцінкі Ўсявышняга ці, іншымі словамі, што ўсе яны знаходзяцца ўва Мне.
Атрымаўшы веды ад душы, якая ўсьвядоміла сябе, то бок ад таго, хто спасьцігнуў сапраўдную прыроду рэчаў, чалавек разумее, што ўсе жывыя істоты – неад'емныя часьцінкі Вярхоўнай Асобы Бога, Госпада Шры Крышны. Пачуцьцё сваёй адлучанасьці ад Крышны называюць майай (ма значыць «не», а йа – «гэта»). Некаторыя людзі мяркуюць, што мы ніяк не зьвязаны з Крышнам, што Крышна – усяго толькі вялікая гістарычная асоба, а Aбсалют – гэта безасабовы Брахман. Але насамрэч, як сказана ў «Бхагавад-гіце», безасабовы Брахман – гэта зьзяньне, што зыходзіць ад цела Крышны. Будучы Вярхоўнай Асобай Бога, Крышна зьяўляецца прычынай усяго існага. У «Брахма-самхіце» ясна сказана, што Крышна – гэта Вярхоўная Асоба Бога, прычына ўсіх прычын. Мільёны ўвасабленьняў Госпада – усяго толькі Яго розныя праявы. Жывыя істоты – таксама праявы Крышны. Філёзафы-майаваді памылкова лічаць, што, падзяліўшыся на мноства частак, Крышна губляе сваё ўласнае індывідуальнае існаваньне. Гэта канцэпцыя па сутнасьці матэрыялістычная. З досьведу жыцьця ў матэрыяльным сьвеце нам вядома, што прадмет, падзелены на часткі, губляе сваю першапачатковую форму. Аднак філёзафы-майаваді ня здольныя зразумець, што на абсалютным узроўні адзін плюс адзін, гэтак жа як і адзін мінус адзін, раўнуецца аднаму. Такая прырода абсалютнага сьвету.
Пазбаўленыя абсалютнага веданьня, мы цяпер знаходзімся пад покрывам ілюзіі і таму лічым сябе аддзеленымі ад Крышны. Але хоць мы і зьяўляемся аддзеленымі часьцінкамі Крышны, мы неадрозьніваемся ад Яго. Адрозьненьні паміж целамі жывых істотаў – гэта майа, а не рэальнасьць. Усе мы прызваны прыносіць задавальненьне Крышне. Толькі пад уплывам майі Aрджуна мог падумаць, што крэўныя сувязі, якія часова зьвязваюць яго са сваякамі, важней за яго вечныя духоўныя адносіны з Крышнам. Іста навукі «Бхагавад-гіты» ў тым, што, будучы вечным слугой Крышны, жывая істота неадлучная ад Яго, а ейнае адчуваньне сваёй адлучанасьці ад Госпада называецца майай. Жывыя істоты, як неад'емныя часьцінкі Ўсявышняга, маюць асаблівае прызначэньне. Забыўшыся пра сваё прызначэньне, яны са спрадвечных часоў увасабляюцца ў розных матэрыяльных целах: людзей, жывёлаў, напаўбагоў і г. д. Прычына гэтага ў тым, што яны забыліся пра трансцэндэнтнае служэньне Госпаду. Але, калі чалавек, служачы Госпаду, разьвівае ў сабе сьвядомасьць Крышны, ён можа пазбавіцца ад гэтай ілюзіі. Толькі духоўны настаўнік здольны даць чалавеку гэтае чыстае веданьне і дапамагчы яму пазьбегнуць памылковых уяўленьняў пра роўнасьць звычайнай істоты з Крышнам. Той, хто валодае дасканалым веданьнем, разумее, што Вышэйшая Душа, Крышна, ёсьць вышэйшы прыстанак усіх істотаў, і што, пакінуўшы гэты прыстанак, яны апынуліся пад уладай ілюзорнай, матэрыяльнай энэргіі і ўявілі сябе аддзеленымі ад Крышны. Так, атаясаміўшы сябе з рознымі матэрыяльнымі формамі, жывыя істоты забыліся пра Крышну. Але, калі аблудная істота ўстае на шлях сьвядомасьці Крышны, перад ёй адкрываецца дарога да вызваленьня, як сказана ў «Шрымад-Бхагаватам» (2.10.6): муктір хітванйатха-рупам сварупена вйавастхітіх. Атрымаць вызваленьне – значыць заняць сваё сапраўднае становішча, то бок стаць вечным слугой Крышны (альбо знайсьці сьвядомасьць Крышны).