Бг. 4.2

एवं परम्पराप्राप्तमिमं राजर्षयो विदुः ।
स कालेनेह महता योगे नष्टः परन्तप ॥ २ ॥
эвам парампара-праптам
імам раджаршайо відух
са каленеха махата
його наштах парантапа

Паслоўны пераклад

эвам — так; парампара — па ланцугу духоўных настаўнікаў; праптам — атрыманую; імам — гэтую (навуку); раджа-рішайах — праведныя цары; відух — спасьціглі; сах — гэтае (веданьне); калена — плыньню часу; іха — у гэтым сьвеце; махата — вялікім; йогах — навука пра адносіны індывідуальнай істоты з Усявышнім; наштах — разбурана; парантапа — о Aрджуна, пераможца ворагаў.

Пераклад

Так гэта вялікая навука перадавалася па ланцугу духоўных настаўнікаў, і яе спасьцігалі праведныя цары. Але зь цягам часу ланцуг настаўнікаў перапыніўся, і гэтае веданьне ў ягоным першародным выглядзе было згублена.

Камэнтар

Тут ясна сказана, што «Гіта» прызначалася насамперш для праведных цароў, бо яны, кіруючы сваімі падданымі, павінны былі ажыцьцяўляць мэты, пастаўленыя ў ёй. Вядома, «Бхагавад-гіта» ніколі не прызначалася для дэманічных людзей, якія папросту зьняцэнілі б яе й сталі б тлумачыць яе, як ім уздумаецца, нікому не прыносячы выгоды. Калі ж гэта ўсё-такі адбылося, калі першапачатковая задума «Гіты» была перакручана нядобрасумленнымі камэнтатарамі, якія перасьледвалі карысьлівыя мэты, паўстала патрэба аднавіць ланцуг духоўных настаўнікаў. Пяць тысяч гадоў таму Сам Госпад выявіў, што гэты ланцуг перапыніўся, і абвясьціў, што людзі забыліся пра сапраўднае прызначэньне «Бхагавад-гіты». У наш час склалася аналягічная сытуацыя: цяпер існуе мноства выданьняў «Бхагавад-гіты», асабліва на ангельскай мове, але амаль усе яны разыходзяцца з той вэрсыяй «Гіты», якая перадаецца па ланцугу духоўных настаўнікаў. Мірскія вучоныя напісалі велізарную колькасьць камэнтароў да «Гіты», але практычна ніхто зь іх не прызнае Крышну Вярхоўнай Асобай Бога, хоць словы Шры Крышны прыносяць ім нямалы прыбытак. Рабіць так могуць толькі дэманы, якія ня вераць у Бога, але пры гэтым бессаромна карыстаюцца Ягонай уласнасьцю. І паколькі існуе настойлівая патрэба ў ангельскім выданьні «Гіты», якое прадстаўляла б яе ў тым выглядзе, у якім яна перадаецца праз парампару (ланцуг духоўных настаўнікаў), мы паспрабавалі запоўніць гэты прабел. Людзі, якія прымаюць «Бхагавад-гіту» такой, якая яна ёсьць, атрымліваюць велізарную выгоду, тыя ж, хто глядзіць на яе як на звычайны філязофскі твор, толькі дарма марнуюць час, вывучаючы яе.

Навігацыя галоўнага мэню