Санджая сказаў Дхрытараштры: Прамовячы гэта, Вярхоўная Асоба Бога, Крышна, паўстаў перад Aрджунам у вобразе чатырохрукага Вішну, а потым зноў зьявіў Сваё двухрукае аблічча, жадаючы падбадзёрыць спалоханага Aрджуну.
Зьявіўшыся на зямлі як сын Васудэвы й Дэвакі, Крышна спачатку паўстаў перад імі ў вобразе чатырохрукага Нараяны, але потым па просьбе бацькоў ператварыўся ў звычайнае немаўля. Падобна гэтаму, Крышна ведаў, што Aрджуну не цікавіў Ягоны чатырохрукі вобраз, але, паколькі Aрджуна прасіў паказаць яго, Крышна паўстаў перад ім у гэтым вобразе, а потым зноў прыняў Сваё двухрукае аблічча. Вельмі важным зьяўляецца ўжытае тут слова саумйа-вапух. Саумйа-вапух – гэта надзвычай прыгожы вобраз; ён лічыцца найпрыгажэйшай формай Госпада. Калі Крышна знаходзіўся на зямлі, усе людзі былі скораны прыгажосьцю Ягонага аблічча, і, паколькі Крышна зьяўляецца валадаром сусьвету, Ён зь лёгкасьцю расьсеяў страх Свайго адданага, Aрджуны, і зноў паўстаў перад ім у вобразе Крышны, самым цудоўным Сваім вобразе. У «Брахма-самхіце» (5.38) сказана: преманджана-ччхуріта-бхакті-вілочанена. Толькі той, чые вочы нацёртыя бальзамам любові, можа ўбачыць гэты цудоўны вобраз Шры Крышны.