Бг. 8.9

कविं पुराणमनुशासितार-
मणोरणीयांसमनुस्मरेद्य: ।
सर्वस्य धातारमचिन्त्यरूप-
मादित्यवर्णं तमस: परस्तात् ॥ ९ ॥
кавім пуранам анушасітарам
анор анійамсам анусмарэд йах
сарвасйа дхатарам ачынтйа-рупам
адытйа-варнам тамасах парастат

Паслоўны пераклад

кавім — таго, хто ведае ўсё; пуранам — найстарога; анушасітарам — уладара; анох — атама; анійамсам — меншага; анусмарэт — хай зробіць прадметам разважаньня; йах — які; сарвасйа — усяго; дхатарам — захоўніка; ачынтйа — неспасьціжны; рупам — таго, чыё аблічча; адытйа-варнам — зіхатлівага, нібы сонца; тамасах — цемры; парастат — за межамі.

Пераклад

Думай пра Мяне як пра ўсёведную, найстарэйшую Вярхоўную Асобу, як пра валадара сусьвету, як пра таго, хто менш драбнюткага і хто падтрымлівае ўсё стварэньне; як пра таго, хто вышэй за ўсе матэрыяльныя ўяўленьні, хто неспасьціжны і хто заўсёды застаецца асобай; як пра таго, хто зьзяе, нібы сонца, хто па-за межамі матэрыяльнага сьвету.

Камэнтар

У гэтым вершы апісана, як трэба думаць пра Ўсявышняга. Вельмі важна тое, што Госпад не безасабовы і не зьяўляецца пустэчай. Немагчыма думаць пра нешта безасабовае ці пра пустэчу. Тыя, хто спрабуе рабіць гэта, сутыкаюцца зь вялікімі цяжкасьцямі. Але думаць пра Крышну, як вынікае з гэтага верша, зусім не складана. Перадусім, Госпад – гэта пуруша, асоба, і мы павінны думаць пра Раму ці пра Крышну як пра асобу. У гэтым вершы апісаны якасьці Вярхоўнай Асобы, няхай гэта будзе Рама ці Крышна. Госпада называюць каві: Яму вядома мінулае, сучаснае і будучае, таму Ён усяведны. Госпад – найстарэйшая істота, бо Ён зьяўляецца крыніцай усяго існага; усё выходзіць зь Яго. Апроч таго, Ён – вярхоўны валадар сусьвету, захоўнік сьветабудовы і настаўнік чалавецтва. Ён менш драбнюткага. Памеры індывідуальнай душы складаюць адну дзесяцітысячную частку кончыка воласа, але Госпад такі неспасьціжна малы, што ўваходзіць у сэрца гэтай маленькай часьцінкі. Як Вярхоўны Госпад, Ён уваходзіць у атам. Знаходзячыся ў сэрцы маленькай жывой істоты, Ён у вобразе Звышдушы скіроўвае ўсе ейныя дзеяньні. Прымаючы такія маленькія памеры, Ён у той жа час застаецца ўсюдыісным захоўнікам сьветабудовы. Менавіта Ён трымае на Сабе ўсе плянэты. Мы часта не разумеем, як такія велізарныя плянэты трымаюцца ў прасторы. Тут сказана, што Сваёй неспасьціжнай энэргіяй Вярхоўны Госпад трымае на арбіце ўсе велізарныя плянеты ўва ўсіх галяктыках. У сувязі з гэтым характэрнае слова ачынцья, «неспасьціжны». Ніхто ня ў сілах ахапіць вумом энэргію Госпада, таму яе называюць неспасьціжнай (ачынцья). Хто стане спрачацца з гэтым? Праймаючы Сабой увесь матэрыяльны сьвет, Госпад пры гэтым знаходзіцца за яго межамі. Мы ня можам зразумець нават тое, як уладкаваны матэрыяльны сьвет, які зусім нязначны ў параўнаньні з духоўным сьветам, – дык як жа нам спасьцігнуць тое, што ляжыць за ягонымі межамі? Aчынцья – гэта тое, што знаходзіцца за межамі матэрыяльнага сьвету, тое, што немагчыма зразумець, карыстаючыся лёгікай ды філязофскімі разважаньнямі. Таму, не марнуючы час на бессэнсоўныя дыскусыі і разважаньні, разумныя людзі павінны прызнаць за праўду тое, пра што гаворыцца ў сьвятых пісаньнях, такіх, як Веды, «Бхагавад-гіта» і «Шрымад-Бхагаватам», і кіравацца зьмешчанымі ў іх настаўленьнямі. Тады яны змогуць атрымаць сапраўднае веданьне.

Навігацыя галоўнага мэню