О Партха, той, хто ўвесь час помніць Мяне, Вярхоўную Асобу Бога, хто заўсёды засяроджана думае пра Мяне і не адхіляецца ні на што іншае, без сумневу, прыйдзе да Мяне.
У гэтым вершы Госпад Крышна падкрэсьлівае, наколькі важна заўсёды помніць Яго. Каб не забываць Крышну, трэба паўтараць Харэ Крышна маха-мантру. Паўтараючы і слухаючы гукі імя Вярхоўнага Госпада, мы займаем служэньнем Яму свае вушы, язык і вум. Гэтая мэдытацыя, займацца якой зусім ня цяжка, дапаможа нам прыйсьці да Вярхоўнага Госпада.
Пурушам значыць «той, хто атрымлівае асалоду». Хоць абумоўленыя істоты належаць да памежнай энэргіі Вярхоўнага Госпада, яны апаганеныя матэрыяй. Яны лічаць сябе тымі, хто атрымлівае асалоду, але забываюць, што не зьяўляюцца вярхоўнымі атрымальнікамі асалоды. Тут ясна сказана, што вярхоўны атрымальнік асалоды – гэта Госпад, Вярхоўная Асоба, які праяўляе Сябе ў выглядзе поўных экспансыяў, такіх, як Нараяна, Васудэва і г. д.
Паўтараючы мантру Харэ Крышна, адданы можа ўвесь час думаць пра таго, каму ён пакланяецца, то бок пра Вярхоўнага Госпада ў адным зь Ягоных вобразаў: Нараяны, Крышны, Рамы і г. д. Увесь час паўтараючы сьвятое імя, ён ачысьціцца ад матэрыяльнае гнюсі і пад канец жыцьця ўвойдзе ў царства Госпада. Ёгі ўяўна сузіраюць Звышдушу ў сваім сэрцы, а адданы, паўтараючы мантру Харэ Крышна, заўсёды трымае вум засяроджаным на Вярхоўнай Асобе. Вум вельмі занепакоены і няўстойлівы, таму трэба прымушаць яго думаць пра Крышну. У гэтай сувязі часта прыводзяць прыклад з гусеніцай, якая ўвесь час думае пра тое, каб стаць матыльком, і дзякуючы гэтаму ў гэтым жа жыцьці ператвараецца ў матылька. Таксама калі мы будзем увесь час думаць пра Крышну, то пад канец жыцьця абавязкова атрымаем цела, надзеленае такімі ж якасьцямі, як і цела Крышны.