Бг. 8.22

पुरुष: स पर: पार्थ भक्त्य‍ा लभ्यस्त्वनन्यया ।
यस्यान्त:स्थानि भूतानि येन सर्वमिदं ततम् ॥ २२ ॥
пурушах са парах партха
бхактйа лабхйас тв ананйайа
йасйантах-стхані бхутані
йена сарвам ідам татам

Паслоўны пераклад

пурушах — Вярхоўная Асоба; сах — Ён; парах — Вярхоўны Госпад, якому няма роўных; партха — о сын Прытхі; бхактйа — адданым служэньнем; лабхйах — той, каго варта спасьцігнуць; ту — але; ананйайа — чыстым, бясьперапынным; йасйа — якога; антах-стхані — які знаходзіцца ўнутры; бхутані — матэрыяльны сьвет; йена — якім; сарвам — усё; ідам — гэта (усё, што мы бачым вакол); татам — працята.

Пераклад

О сын Прытхі, дасягнуць абіцелі Вярхоўнага Госпада, якому няма роўных, можна, толькі ідучы шляхам чыстае адданасьці Яму. Госпад заўсёды застаецца ў Сваёй абіцелі, і ў той жа час Ён знаходзіцца ўсюды і ўсё існае знаходзіцца ў Ім.

Камэнтар

Тут ясна сказана, што вышэйшы прыстанак, дасягнуўшы якога жывыя істоты ніколі не вяртаюцца ў матэрыяльны сьвет, – гэта абіцель Крышны, Вярхоўнай Асобы. У «Брахма-самхіце» гэтая вышэйшая абіцель названа ананда-чынмая-расай, месцам, дзе ўсё споўнена духоўнае асалоды. Усё існае там разнастайна і працята духоўнай асалодай – у абіцелі Госпада няма нічога матэрыяльнага. Гэтая разнастайнасьць зьяўляецца духоўнай праявай Самаго Вярхоўнага Госпада: у абіцелі Госпада ўсё створана з духоўнай энэргіі, якая апісвалася ў сёмай частцы. Хоць Госпад вечна знаходзіцца ў Сваёй вышэйшай абіцелі, Ён у той жа час прысутнічае паўсюль у матэрыяльным сьвеце, праймаючы яго Сваёй матэрыяльнай энэргіяй. Такім чынам, сілай Сваёй духоўнай і матэрыяльнай энэргіі Госпад знаходзіцца ўсюды – і ў матэрыяльных, і ў духоўных сусьветах. Яс’янтах-стхані значыць, што ў Ім спачывае ўсё існае: усё зьяўляецца часткай альбо духоўнай, альбо матэрыяльнай энэргіі Госпада. Такім чынам, Госпад усюдыісны.

Дасягнуць вышэйшай абіцелі Крышны альбо незьлічоных плянэтаў Вайкунтхі можна, толькі калі ісьці шляхам бхакці, адданага служэньня Госпаду, на што ясна паказвае ўжытае тут слова бхакцья. Ніводзін іншы мэтад не дапаможа жывой істоце дасягнуць вышэйшай абіцелі Госпада. У Ведах (Гопала-тапані-ўпанішад, 1.21) таксама гаворыцца пра вышэйшую абіцель Вярхоўнай Асобы Бога. Эко вашы сарва-гах крышнах. Гэтая абіцель адзінага Вярхоўнага Госпада – Крышны. Ён – увасабленьне вышэйшае міласьці; зьяўляючыся адзіным, Ён у той жа самы час распаўсюджвае Сябе ў мільёны поўных экспансыяў. Веды параўноўваюць Госпада з дрэвам, якое, застаючыся на адным месцы, пышна квітнее, багата плоданосіць і час ад часу зьмяняе лісьце. Поўныя экспансыі Госпада, якія кіруюць плянэтамі Вайкунтхі, маюць чатырохрукі выгляд і носяць розныя імёны: Пурушоттама, Трывікрама, Кешава, Мадхава, Aніруддха, Хрышыкеша, Санкаршана, Прадзьюмна, Шрыдхара, Васудэва, Дамадара, Джанардана, Нараяна, Вамана, Падманабха і г. д.

«Брахма-самхіта» (5.37) пацьвярджае той факт, што, хоць Госпад ніколі не пакідае Сваёй вышэйшай абіцелі, Галокі Врындаваны, Ён пры гэтым пранізвае Сабой усё існае, і таму сусьветны мэханізм заўсёды дзейнічае спраўна (голока эва нівасатй акхілатма-бхутах). У Ведах (Шветашватара-ўпанішад, 6.8) сказана: парасйа шакцір вівідхайва шруйатэ свабхавікі джняна-бала-крыйа ча. Шматстайная энэргія Госпада пранікае ўсюды, і дзякуючы ёй усё ў матэрыяльным сьвеце ідзе сваім парадкам, хоць Сам Госпад знаходзіцца далёка па-за межамі гэтага сьвету.

Навігацыя галоўнага мэню