Бг. 18.75

व्यासप्रसादाच्छ्रुतवानेतद्‍गुह्यमहं परम् ।
योगं योगेश्वरात्कृष्णात्साक्षात्कथयत: स्वयम् ॥ ७५ ॥
вйаса-прасадач чхрутаван
этад гухйам ахам парам
йогам йогешварат крышнат
сакшат катхайатах свайам

Паслоўны пераклад

вйаса-прасадат — дзякуючы міласьці В’ясадэвы; шрутаван — які пачуў; этат — гэта; гухйам — патаемнае; ахам — я; парам — вышэйшае; йогам — містычнае; йога-ішварат — ад валадара ўсіх містычных сілаў; крышнат — ад Крышны; сакшат — непасрэдна; катхайатах — расказанае; свайам — сам.

Пераклад

З ласкі В’ясы я пачуў гэтыя патаемныя прамовы, зьвернутыя да Aрджуны, якія сышлі з вуснаў валадара ўсіх містычных сілаў, Крышны.

Камэнтар

В’яса быў духоўным настаўнікам Санджаі, і Санджая прызнае, што толькі з ласкі В’ясы ён змог спасьцігнуць Вярхоўную Асобу Бога. Гэта значыць, што ніхто ня можа наблізіцца да Крышны сам; зрабіць гэта можна толькі пры пасярэдніцтве духоўнага настаўніка. Духоўны настаўнік мае ролю празрыстага асяродзьдзя паміж Госпадам і вучнем, хоць досьвед, які атрымлівае пры гэтым вучань, – гэта досьвед непасрэдных зносінаў з Госпадам. У гэтым крыецца вялікая таямніца вучнёўскай пераемнасьці. Сапраўдны духоўны настаўнік можа дапамагчы нам пачуць «Бхагавад-гіту» наўпроста, як пачуў яе Aрджуна. У сьвеце шмат містыкаў і ёгаў, але валадаром усіх формаў ёгі зьяўляецца Крышна. У «Бхагавад-гіце» воля Крышны выказана выключна ясна: «Аддайся Мне». Той, хто аддаўся Крышне, робіцца дасканалым ёгам, што пацьвярджае апошні верш шостай часткі: йогінам апі сарвешам.

Нарада зьяўляецца вучнем Самаго Крышны і духоўным настаўнікам В’ясы. Таму аўтарытэт В’ясы, які належыць да ланцуга духоўных настаўнікаў, ня меншы, чым аўтарытэт Aрджуны, а Санджая зьяўляецца непасрэдным вучнем В’ясы. Такім чынам, з ласкі В’ясы Санджая змог, ачысьціўшы свае пачуцьці, убачыць Крышну і пачуць Ягоныя прамовы. Той, хто слухае Самаго Крышну, атрымлівае здольнасьць спасьцігнуць гэтае патаемнае веданьне. Але пачуць Крышну можна, толькі належачы да вучнёўскай пераемнасьці. Таму веданьне любога чалавека, атрыманае не праз ланцуг вучнёўскай пераемнасьці, застанецца недасканалым, прынамсі гэта адносіцца да разуменьня «Бхагавад-гіты». Такі чалавек ня мае права выказваць якія-небудзь меркаваньні датычна «Бхагавад-гіты».

У «Бхагавад-гіце» апісаны ўсе сыстэмы ёгі: карма-ёга, г’яна-ёга і бхакці-ёга. І ўсімі імі загадвае Крышна. Аднак неабходна зразумець, што, хаця Aрджуне пашчасьціла спасьцігнуць Крышну непасрэдна, Санджая з ласкі В’ясы таксама змог пачуць словы Самога Крышны. Насамрэч слухаць пасланьне Крышны ў пераказе сапраўднага духоўнага настаўніка, такога як В’яса, – усё адно што пачуць яго ад Самога Крышны. Духоўны настаўнік таксама зьяўляецца прадстаўніком В’ясадэвы. Таму, паводле ведычнай традыцыі, у дзень народзінаў духоўнага настаўніка вучні праводзяць цырымонію, якая называецца В’яса-пуджай.

Навігацыя галоўнага мэню