Бг. 18.57

चेतसा सर्वकर्माणि मयि सन्न्यस्य मत्पर: ।
बुद्धियोगमुपाश्रित्य मच्च‍ित्त: सततं भव ॥ ५७ ॥
чэтаса сарва-кармані
майі саннйасйа мат-парах
буддхі-йогам упашрытйа
мач-чыттах сататам бхава

Паслоўны пераклад

чэтаса — розумам; сарва-кармані — усе формы дзейнасьці; майі — ува Мне; саннйасйа — пакінуўшы; мат-парах — які знаходзіцца пад Маёй абаронай; буддхі-йогам — дзейнасьць у адданым служэньні; упашрытйа — знойдучы як прыстанак; мат-чыттах — які думае пра Мяне; сататам — заўсёды (круглыя суткі); бхава — будзь.

Пераклад

Ва ўсіх справах і распачынаньнях заўсёды спадзявайся на Мяне і памятай, што ты знаходзісься пад Маёй абаронай. Такім чынам займаючыся адданым служэньнем, заўсёды думай пра Мяне.

Камэнтар

Той, хто дзейнічае ў сьвядомасьці Крышны, ніколі не паводзіць сябе так, нібы зьяўляецца гаспадаром сьвету. Як слуга, адданы павінен заўсёды дзейнічаць, выконваючы волю Вярхоўнага Госпада. Слуга ніколі ня дзейнічае па ўласным жаданьні. Ён робіць толькі тое, што загадвае яму гаспадар. Слуга, які выконвае загады вышэйшага гаспадара, ня цешыцца набыткамі і не смуткуе пра страты. Ён проста сумленна выконвае свой абавязак, дзейнічаючы па волі Вярхоўнага Госпада. Нам могуць запярэчыць: Aрджуна дзейнічаў пад асабістым кіраўніцтвам Крышны, але што рабіць таму, у каго няма магчымасьці мець зносіны з Крышнам? Калі чалавек дзейнічае ў адпаведнасьці з указаньнямі, якія Крышна даў у «Бхагавад-гіце», і пад кіраўніцтвам Ягонага прадстаўніка, ён дасягне таго ж самага выніку. Асаблівае значэньне мае ўжытае ў дадзеным вершы слова мат-парах. Гэта значыць, што ў адданага няма іншай мэты, апроч таго, каб дзейнічаць у сьвядомасьці Крышны дзеля задавальненьня Госпада. Пры гэтым, займаючыся чым-небудзь, адданы павінен думаць толькі пра Крышну: «Крышна загадаў мне зрабіць гэтую справу». Тады ён, натуральна, будзе думаць пра Крышну і такім чынам дасягне дасканаласьці ў сьвядомасьці Крышны. Патрэбна, аднак, адзначыць, што чалавек, зрабіўшы нешта па ўласным жаданьні, не павінен прапаноўваць Госпаду вынікі такога ўчынку. Такая дзейнасьць не адносіцца да адданага служэньня ў сьвядомасьці Крышны. Адданы павінен дзейнічаць строга ў адпаведнасьці з указаньнямі Крышны. Гэта вельмі важна. Мы атрымліваем указаньні Госпада праз ланцуг вучнёўскай пераемнасьці, ад сапраўднага духоўнага настаўніка. Таму выкананьне ўказаньняў духоўнага настаўніка павінна стаць для адданага галоўным абавязкам у жыцьці. Калі чалавек прымае сапраўднага духоўнага настаўніка і дзейнічае ў адпаведнасьці зь ягонымі ўказаньнямі, ён абавязкова дасягне дасканаласьці жыцьця ў сьвядомасьці Крышны.

Навігацыя галоўнага мэню