Лепш выконваць свае абавязкі, хай недасканалым чынам, чым бездакорна выконваць чужыя. Выконваючы прадпісаныя абавязкі, якія адпавядаюць ягонай прыродзе, чалавек ніколі не наклікае на сябе граху.
Абавязкі, прадпісаныя прадстаўнікам розных саслоўяў, пералічаны ў «Бхагавад-гіце». Як было сказана ў папярэдніх вершах, абавязкі брахманаў, кшатрыяў, ваіш’яў і шудраў адпавядаюць гунам матэрыяльнай прыроды, пад уплывам якіх яны знаходзяцца. Чалавек ніколі не павінен спрабаваць пераймаць іншых, выконваючы іхныя абавязкі. Той, хто ад прыроды схільны да дзейнасьці шудраў, не павінен прэтэндаваць на званьне брахмана, нават калі нарадзіўся ў сям’і брахманаў. Кожны павінен займацца дзейнасьцю, якая адпавядае ягонай прыродзе; ніякая праца не ганебная, калі яна зьвязана са служэньнем Вярхоўнаму Госпаду. Брахманы, безумоўна, займаюцца дзейнасьцю ў гуне даброці, аднак, калі чалавек ад прыроды знаходзіцца пад уплывам іншых гунаў, ён не павінен, пераймаючы брахманаў, спрабаваць выконваць іхныя абавязкі. Кшатрыю, кіраўніку, даводзіцца зьдзяйсьняць непрывабныя ўчынкі: ужываць гвалт і забіваць ворагаў альбо хлусіць, паводзячыся палітычнымі меркаваньнямі. Ніякая палітыка не абыходзіцца бяз гвалту і дыпляматычнай хлусьні, але для кшатрыя гэта яшчэ не нагода адмаўляцца ад выкананьня свайго абавязку і спрабаваць жыць па законах брахманаў.
Сваёй дзейнасьцю чалавек павінен імкнуцца прынесьці задавальненьне Вярхоўнаму Госпаду. Напрыклад, Aрджуна быў кшатрыем, і ён вагаўся, ня маючы рашучасьці ўступіць у бітву з супернікам. Але калі ваяваць дзеля Крышны, Вярхоўнай Асобы Бога, то ня трэба баяцца, што ўдзел у бітве апаганіць нас. Таму, хто займаецца камэрцыяй, часам даводзіцца хлусіць і хітрыць, каб атрымаць прыбытак. У некаторых выпадках бяз гэтага не абысьціся. Часам прадаўнік кажа пакупніку: «Паверце мне, я на вас ані колькі не нажываюся», хоць усім вядома, што гандляр ня зможа жыць, калі будзе гандляваць бяз выгады. Таму, чуючы ад камэрсанта такія словы, трэба разумець, што ён ашуквае нас. Аднак сам камэрсант не павінен думаць, што паколькі ў ягонай справе не абысьціся без хлусьні, то ён павінен кінуць гандаль і займацца тым, што робяць брахманы. Гэта супярэчыць шастрам. Калі чалавек, будзь ён кшатрыем, вайш’ям ці шудрам, выконваючы свае абавязкі, тым самым служыць Вярхоўнай Асобе Бога, ягонае сацыяльнае становішча перастае мець значэньне. Нават брахманам, якія выконваюць розныя ахвярапрынашэньні, часам даводзіцца забіваць жывёлаў, каб прынесьці іх у ахвяру. Таксама і калі кшатрый, выконваючы свой абавязак, забівае ворага, ягоны ўчынак не зьяўляецца грэшным. Усё гэта было дэталёва вытлумачана ў трэцяй частцы «Бхагавад-гіты». Кожны чалавек павінен прысьвячаць сваю дзейнасьць Яг’і, ці Вішну, Вярхоўнай Асобе Бога. Усё, што мы робім дзеля задавальненьня ўласных пачуцьцяў, толькі занявольвае нас. Таму кожны павінен займацца дзейнасьцю ў адпаведнасьці з гунамі матэрыяльнай прыроды, пад уплывам якіх знаходзіцца атрыманае ім цела, перасьледуючы пры гэтым адзіную і вышэйшую мэту – служыць Вярхоўнаму Госпаду.