A веданьне, якое прывязвае чалавека да аднаго віду дзейнасьці як да адзіна важнага, якое не дае ўяўленьня пра ісьціну і вельмі абмежаванае, называюць веданьнем у гуне невуцтва.
«Веданьне», якім валодаюць звычайныя людзі, – гэта заўсёды веданьне ў гуне цемры, або невуцтва, бо кожная абумоўленая жывая істота зьяўляецца на сьвет у гэтай гуне. Той, хто не атрымаў веданьня, вывучаючы сьвятыя пісаньні ці слухаючы абазнаных людзей, валодае веданьнем, якое не выходзіць за межы цела. Ён і ня думае пра тое, каб дзейнічаць у адпаведнасьці зь пісаньнямі. Ягоным Богам зьяўляюцца грошы, а веданьне для яго зводзіцца да задавальненьня патрэбаў цела. Такое веданьне ніяк не зьвязана з Aбсалютнай Ісьцінай. Яно мала чым адрозьніваецца ад веданьня, якім валодаюць звычайныя жывёлы: гэта веданьне пра тое, як есьці, спаць, бараніцца і сукупляцца. Падобнае веданьне тут названа спараджэньнем гуны цемры. Іншымі словамі, веданьне пра вечную душу, якая існуе па-за і апроч матэрыяльнага цела, называюць веданьнем у гуне даброці, веданьне, што спараджае мноства разнастайных тэорыяў і дактрынаў, заснаваных на лёгіцы і сумнеўных гіпотэзах, зьяўляецца веданьнем у гуне жарсьці, а веданьне, якое служыць адзінай мэце – атачыць камфортам матэрыяльнае цела, – гэта веданьне ў гуне невуцтва.