Бг. 13.3

क्षेत्रज्ञं चापि मां विद्धि सर्वक्षेत्रेषु भारत ।
क्षेत्रक्षेत्रज्ञयोर्ज्ञानं यत्तज्ज्ञानं मतं मम ॥ ३ ॥
кшэтра-джням чапі мам віддхі
сарва-кшэтрэшу бхарата
кшэтра-кшэтраджняйор джнянам
йат тадж джнянам матам мама

Паслоўны пераклад

кшэтра-джням — таго, хто ведае поле; ча — таксама; апі — безумоўна; мам — Мяне; віддхі — ведай; сарва — ува ўсіх; кшэтрэшу — целах, якія зьяўляюцца полем; бхарата — о сын Бхараты; кшэтра — поле дзейнасьці (цела); кшэтра-джняйох — і таго, хто ведае поле; джнянам — веданьне пра; йат — якое; тат — тое; джнянам — веданьне; матам — думка; мама — Маё.

Пераклад

Ведай жа, о нашчадак Бхараты, што, знаходзячыся ў кожным зь целаў, Я таксама ведаю іх і што разуменьне прыроды цела і таго, хто ведае цела, называецца веданьнем. Такое Маё меркаваньне.

Камэнтар

Прыступаючы да вывучэньня цела і таго, хто ведае цела (душы і Звышдушы), мы ўбачым тры аб’екты дасьледваньня: гэта Госпад, жывая істота і матэрыя. На кожным полі дзейнасьці, у кожным целе, знаходзяцца дзьве душы: індывідуальная душа і Звышдуша. Паколькі Звышдуша – гэта поўная экспансыя Крышны, Вярхоўнай Асобы Бога, Крышна кажа: «Я таксама валодаю веданьнем, але не пра адно, а пра ўсе целы. У кожным зь іх Я знаходжуся як Параматма (Звышдуша)».

Той, хто старанна вывучыць прыроду поля дзейнасьці і таго, хто ведае поле так, як яно апісана ў «Бхагавад-гіце», знойдзе сапраўднае веданьне.

Госпад кажа: «Мне вядома поле дзейнасьці ў кожным асобным целе». Жывая істота ведае ўласнае цела, але ейнае веданьне не распаўсюджваецца на іншыя целы. Аднак Вярхоўная Асоба Бога, якая ў вобразе Звышдушы знаходзіцца ў кожным целе, ведае ўсё пра ўсе целы. Госпаду вядомы ўсе целы ва ўсёй разнастайнасьці іх відаў і формаў. Так, падданы можа дасканала ведаць прыналежны яму лапік зямлі, але цару вядома ўсё, што адбываецца ня толькі ў ягоным палацы, але й на зямлі кожнага зь ягоных падданых. Падобна гэтаму, жывая істота валодае толькі адным целам, а Вярхоўнаму Госпаду належаць усе целы. Цар – галоўны ўласьнік зямлі ў дзяржаве, а ягоныя падданыя – усяго толькі арандатары. Таксама й Вярхоўны Госпад зьяўляецца галоўным уласьнікам усіх целаў.

Матэрыяльнае цела складаецца з ворганаў пачуцьцяў. Вярхоўнага ж Госпада называюць Хрышыкешам, што значыць «валадар пачуцьцяў». Ён – сапраўдны гаспадар нашых ворганаў пачуцьцяў, таксама як цар – сапраўдны гаспадар, які распараджаецца ўсім у дзяржаве. Улада, якой надзелены ягоныя падданыя, другасная. «Я таксама ведаю поле», – кажа Госпад. Гэта значыць, што Яму вядомы ўсе целы, тады як індывідуальная душа ведае толькі сваё цела. У Ведах сказана:

кшэтрані хі шарырані
біджам чапі шубхашубхе
тані вецці са йогатма
татах кшэтра-джня учйатэ

Матэрыяльнае цела называюць кшэтрай, а ўнутры цела знаходзіцца ягоны ўласьнік і Вярхоўны Госпад, які ведае як само цела, так і ягонага ўласьніка. Таму Госпада называюць тым, хто ведае кожнае поле дзейнасьці. Розьніца паміж полем дзейнасьці, тым, хто ведае гэта поле, і тым, хто ведае кожнае поле дзейнасьці, апісваецца наступным чынам. Дасканалае разуменьне прыроды цела, індывідуальнай душы і Звышдушы ў Ведах называецца г’янай. Такое меркаваньне Крышны. Той, хто спасьціг адзіную прыроду душы і Звышдушы і розьніцу паміж імі, валодае сапраўдным веданьнем. Калі ж чалавек не разумее прыроды поля дзейнасьці, таго, хто ведае поле і вярхоўнага валадара, ягонае веданьне не зьяўляецца дасканалым. Перадусім неабходна зразумець становішча пракрыці (прыроды), пурушы (таго, хто атрымлівае асалоду ад прыроды) і ішвары (валадара, які ведае поле і кіраўніка як прыроды, так і індывідуальнай душы). Мы не павінны блытаць іх між сабой. Трэба адрозьніваць іхныя функцыі, гэтак жа як мы адрозьніваем функцыі мастака, палатна й мальбэрта. Матэрыяльны сьвет, які зьяўляецца полем дзейнасьці, – гэта прырода; той, хто атрымлівае асалоду ад прыроды – гэта жывая істота, а над імі стаіць вярхоўны валадар, Госпад. У Ведах (Шветашватара-ўпанішад, 1.12) сказана: бхокта бхогйам прэрытарам ча матва / сарвам проктам тры-відхам брахмам этат. Ёсьць тры праявы Брахмана: пракрыці – гэта Брахман як поле дзейнасьці; джыва (індывідуальная душа), якая спрабуе панаваць над матэрыяльнай прыродай, таксама зьяўляецца Брахманам, і той, хто загадвае імі, – таксама Брахман, але толькі Ён зьяўляецца сапраўдным валадаром.

З гэтай часткі мы таксама даведваемся пра тое, што з тых двох, хто ведае поле адзін схільны памыляцца, а другі бязгрэшны. Адзін – гаспадар, а другі – падначалены. Той, хто лічыць іх цалкам тоеснымі адзін аднаму, супярэчыць Вярхоўнаму Госпаду, які ясна кажа ў гэтым вершы: «Я таксама ведаю поле дзейнасьці». Толькі чалавек, пазбаўлены ведаў, можа прыняць вяроўку за зьмяю. Целы розных відаў належаць розным уласьнікам. Паколькі ўсе душы ў рознай ступені здольныя панаваць над матэрыяльнай прыродай, яны маюць розныя матэрыяльныя целы, але ў кожным зь іх знаходзіцца Вярхоўны Госпад, які кіруе дзеяньнямі жывой істоты. Ужытае ў гэтым вершы слова ча паказвае на ўсю сукупнасьць матэрыяльных целаў. Такое меркаваньне Шрылы Баладэвы Відзьябхушаны. Крышна – гэта Звышдуша, якая знаходзіцца ў кожным целе разам з індывідуальнай душой. Сапраўднае веданьне – гэта веданьне пра тое, што Звышдуша загадвае і полем дзейнасьці, і абмежаванай жывой істотай, якая цешыцца гэтым полем.

Навігацыя галоўнага мэню