Бг. 3.6

कर्मेन्द्रियाणि संयम्य य आस्ते मनसा स्मरन् ।
इन्द्रियार्थान्विमूढात्मा मिथ्याचारः स उच्यते ॥ ६ ॥
кармэндрыйані самйамйа
йа астэ манаса смаран
індрыйартхан вімудхатма
мітхйачарах са учйатэ

Паслоўны пераклад

карма-індрыйані — пяць ворганаў дзейнасьці; самйамйа — падпарадкаваўшы; йах — які; астэ — знаходзіцца; манаса — вумом; смаран — які абдумвае; індрыйа-артхан — аб’екты пачуцьцяў; вімудха — дурная; атма — той, чыя душа; мітхйа-ачарах — сымулянт; сах — ён; учйатэ — завецца.

Пераклад

Той, хто зьнешне ўтрымлівае ворганы пачуцьцяў ад дзейнасьці, але пры гэтым увесь час думае пра аб’екты пачуцьцяў, ашуквае самога сябе й завецца сымулянтам.

Камэнтар

Ёсьць шмат сымулянтаў, якія адмаўляюцца дзейнічаць у сьвядомасьці Крышны і робяць выгляд, быццам займаюцца мэдытацыяй, хоць насамрэч іхны вум паглынуты думкамі пра пачуцьцёвую асалоду. Часам такі сымулянт падоўгу разважае на абстрактныя філязофскія тэмы, каб пусьціць пыл у вочы сваім «інтэлектуальным» пасьлядоўнікам, аднак, як вынікае з гэтага верша, ён – самы сапраўдны махляр. Калі чалавек імкнецца да пачуцьцёвых задавальненьняў, яму трэба захоўваць свой сацыяльны статус і выконваць усе адпаведныя прадпісаньні шастраў, – тады ён паступова ачысьціцца ад матэрыяльнае гнюсі. Але таго, хто шукае мірскіх асалодаў і пры гэтым выдае сябе за ёга, варта лічыць найпершым прайдзісьветам, нават калі часам ён вядзе філязофскія размовы. Спазнаньням гэтага грэшніка грош цана, бо ўсе іх плады выкрадзеныя ілюзорнай энэргіяй Госпада. Вум такога крывадушніка заўсёды застаецца апаганеным, таму ягоная так званая ёгаўская мэдытацыя не прыносіць яму ніякай карысьці.

Навігацыя галоўнага мэню