Проста ўстрымліваючыся ад дзейнасьці, чалавек не вызваліцца ад кармы, і зарок адрачэньня ад сьвету сам сабою не дапаможа яму дасягнуць дасканаласьці.
Адрачыся ад сьвету можа толькі той, хто ачысьціўся ад матэрыяльнае гнюсі, выконваючы прадпісаныя яму абавязкі. Розныя віды дзейнасьці рэкамэндаваныя ў Ведах перад усім для таго, каб ачысьціць сэрца апаганеных матэрыялізмам людзей. Калі нехта, не ачысьціўшыся, пасьпяшаецца прыняць саньясу (апошні з чатырох укладаў духоўнага жыцьця), ён ня зможа дасягнуць дасканаласьці. Філёзафы-імпэрсаналісты лічаць, што дастаткова чалавеку зрабіцца саньясі, то бок спыніць кармічную дзейнасьць, і ён зраўнаецца з Нараянам. Але Госпад Крышна адпрэчвае гэтую ідэю. Калі чалавек зь нячыстым сэрцам прыме саньясу, ён толькі ўнясе неспакой у жыцьцё грамадзтва. Зь іншага боку, калі чалавек, нават пакінуўшы прадпісаныя яму абавязкі, устаў на шлях трансцэндэнтнага служэньня Госпаду (буддхі-ёгі), Госпад заўсёды прыме ягонае служэньне, якім бы нязначным яно ні было. Св-алпам апй асйа дхармасйа трайатэ махато бхайат. Нават невялікае прасоўваньне па гэтым шляху дапаможа чалавеку пераадолець найвялікшыя цяжкасьці.