Бг. 3.15

कर्म ब्रह्मोद्भवं विद्धि ब्रह्माक्षरसमुद्भवम् ।
तस्मात्सर्वगतं ब्रह्म नित्यं यज्ञे प्रतिष्ठितम् ॥ १५ ॥
карма брахмодбхавам віддхі
брахмакшара-самудбхавам
тасмат сарва-гатам брахма
нітйам йаджне пратыштхітам

Паслоўны пераклад

карма — дзейнасьць; брахма — зь Ведаў; удбхавам — народжаная; віддхі — ведай жа; брахма — Веда; акшара — Вярхоўным Брахманам (Асобай Бога); самудбхавам — паказаная; тасмат — таму; сарва-гатам — усюдыіснае; брахма — трансцэндэнтны пачатак; нітйам — вечна; йаджне — у ахвярапрынашэньнях; пратыштхітам — прысутнае.

Пераклад

Веды непасрэдна зыходзяць ад Вярхоўнай Асобы Бога і праз прадпісаньні, якія ў іх зьмяшчаюцца, рэгулююць дзейнасьць людзей. Таму ўсюдыісны Боскі пачатак вечна прысутнічае ў акце ахвярапрынашэньня.

Камэнтар

У гэтым вершы яшчэ выразьней выяўлена ідэя неабходнасьці яг’яртха-кармы, дзейнасьці, накіраванай вылучна на задавальненьне Крышны. Каб дзейнічаць дзеля задавальненьня яг’я-пурушы, Вішну, трэба кіравацца прадпісаньнямі, якія зьмяшчаюцца ў трансцэндэнтных Ведах (брахма) і напраўляюць гэтую дзейнасьць. Веды – гэта збор законаў для чалавецтва. Кожнае дзеяньне, учыненае насуперак ведычным прадпісаньням, належыць да катэгорыі вікармы, забароненай, ці грэшнай, дзейнасьці. Таму, каб нашая дзейнасьць ня мела грэшных наступстваў, мы павінны заўсёды кіравацца ўказаньнямі Ведаў. У звычайным жыцьці людзі падпарадкоўваюцца законам дзяржавы, гэтаксама й мы павінны кіравацца законамі вышэйшае дзяржавы, на чале якой стаіць Госпад. Законы, запісаныя ў Ведах, зьявіліся з дыханьня Вярхоўнай Асобы Бога. У шастрах сказана: асйа махато бхутасйа нішвасітам этад йад рыг-веда йаджур-ведах сама-веда ’тхарвангірасах – «Чатыры Веды: «Рыг», «Яджур», «Сама» й «Aтхарва» – паўсталі з дыханьня ўсемагутнай Асобы Бога» (Брыхад-араньяка-ўпанішад, 4.5.11). Усемагутны Госпад можа гаварыць дыханьнем. «Брахма-самхіта» пацьвярджае, што кожны зь Ягоных ворганаў пачуцьцяў здольны выконваць функцыі любога іншага воргана. Напрыклад, Госпад можа гаварыць дыханьнем і апладняць паглядам. У шастрах сказана, што, кінуўшы пагляд на матэрыяльную прыроду, Госпад зачаў у яе ўлоньні ўсіх жывых істотаў. Стварыўшы матэрыяльны сьвет і зьмясьціўшы абумоўленыя душы ва ўлоньне матэрыяльнай прыроды, Госпад даў ім настаўленьні ў форме Ведаў, каб паказаць шлях, які вядзе дамоў, да Бога. Ня варта забываць, што ў гэтым сьвеце ўсе абумоўленыя душы шукаюць матэрыяльных задавальненьняў. Аднак настаўленьні Ведаў складзены такім чынам, што, кіруючыся імі, чалавек можа здаволіць свае вычварныя жаданьні і, скончыўшы з так званымі задавальненьнямі гэтага сьвету, вярнуцца да Бога. Так абумоўленыя душы атрымліваюць магчымасьць вызваліцца з матэрыяльнага палону. Таму яны павінны імкнуцца выконваць яг’і, разьвіваючы ў сабе сьвядомасьць Крышны. Нават тыя, хто ніколі не кіраваўся настаўленьнямі Ведаў, могуць устаць на шлях усьведамленьня Крышны, і гэта заменіць ім ведычныя яг’і, альбо кармічную дзейнасьць.

Навігацыя галоўнага мэню