Бг. 3.14

अन्नाद्भवन्ति भूतानि पर्जन्यादन्नसम्भवः ।
यज्ञाद्भवति पर्जन्यो यज्ञः कर्मसमुद्भवः ॥ १४ ॥
аннад бхаванці бхутані
парджанйад анна-самбхавах
йаджняд бхаваці парджанйо
йаджнях карма-самудбхавах

Паслоўны пераклад

аннат — зь зёлкаў; бхаванці — адбываюцца; бхутані — матэрыяльныя целы; парджанйат — ад дажджу; анна — ужываных у ежу зёлкаў; самбхавах — узьнікненьне; йаджнят — з ахвярапрынашэньня; бхаваці — адбываецца; парджанйах — дождж; йаджнях — выкананьне яг’і; карма — ад выкананьня прадпісаных абавязкаў; самудбхавах — якое адбываецца.

Пераклад

Целы ўсіх істотаў кормяцца зёлкамі, якія растуць дзякуючы дажджам. Дажджы выпадаюць, калі людзі выконваюць яг’ю, а яг’я нараджаецца з выкананьня прадпісаных Ведамі абавязкаў.

Камэнтар

Шрыла Баладэва Відзьябхушана, вялікі камэнтатар «Бхагавад-гіты», піша: йе індрадй-ангатайавастхітам йаджням сарвешварам вішнум абхйарчйа тач-чхешам ашанці тэна тад дэха-йатрам сампадайанці, тэ сантах сарвешварасйа йаджня-пурушасйа бхактах сарва-кілбішайр анадзі-калу-віврыддхайр атманубхава-пратыбандхакайр нікхілайх папайр вімучйантэ. Вярхоўны Госпад, Вішну, якога называюць яг’я-пурушам (той, хто атрымлівае асалоду ад усяго, што прыносіцца ў ахвяру), зьяўляецца валадаром усіх напаўбагоў, якія Яму служаць, падобна таму, як розныя часткі цела служаць усяму арганізму. Індры, Чандры, Варуне і іншым напаўбагам даручана кіраваць рознымі ведамствамі матэрыяльнага стварэньня, і Веды загадваюць людзям прыносіць ахвяры гэтым напаўбагам, каб тыя давалі дастаткова паветра, сьвятла й вады, патрэбных для росту траваў. Аднак, ушаноўваючы Госпада Крышну, мы тым самым ушаноўваем і ўсіх напаўбагоў, якія зьяўляюцца рознымі часткамі Ягонага цела, таму няма патрэбы ўшаноўваць напаўбагоў асобна. Вось чаму адданыя Госпада, якія валодаюць сьвядомасьцю Крышны, перш як прымаць ежу, прапануюць яе Госпаду. Такая ежа насычае іхныя целы духоўнай энэргіяй. У выніку яны ня толькі вызваляюцца ад наступстваў зьдзейсьненых у мінулым грахоў, але й робяць сваё цела неўспрымальным да ўсіх відаў матэрыяльнае гнюсі. Падобна таму як падчас эпідэміі прышчэпка надзейна бароніць чалавека ад хваробы, ежа, прапанаваная Госпаду Вішну, агароджвае нас ад гнюсі гэтага сьвету, і таго, хто ўжывае толькі такую ежу, называюць адданым Госпада. Такім чынам, чалавек, які валодае сьвядомасьцю Крышны і прымае толькі ежу, якая была прапанавана Крышне, можа цалкам ачысьціцца ад матэрыяльнае гнюсі, якая зьяўляецца вынікам ягоных мінулых грахоў і замінае ягонаму духоўнаму разьвіцьцю. Той жа, хто не кіруецца гэтым прынцыпам, працягвае грашыць, і за гэта яму давядзецца адплачваць: у наступным жыцьці ён народзіцца ў целе сабакі ці сьвіньні і будзе пажынаць плады сваіх грахоў. Матэрыяльны сьвет поўны гнюсі, але той, хто прымае прасад (ежу, прапанаваную Вішну), не падвяргаецца апаганьваньню. Ён надзейна абаронены ад матэрыяльнае інфэкцыі, тады як чалавек, які ўжывае грэшную ежу, непазьбежна апаганьваецца.

Асновай любой ежы зьяўляецца зерне і іншыя расьлінныя прадукты. Чалавек сілкуецца травамі, гароднінай, садавіной і да т. п., а хатняя жывёла ўжывае ахрап’е перапрацоўкі зёлкаў, а таксама траву, кармавую гародніну і іншыя расьліны. Людзі, якія ўжываюць у ежу мяса, таксама залежаць ад вытворчасьці расьліннай ежы, якая зьяўляецца кормам для жывёлы. Таму ў канчатковым рахунку ўсе мы залежым ад таго, што народзіць зямля, а не ад прадукцыі фабрык і заводаў. Ураджай залежыць ад колькасьці выпадных дажджоў. Дажджамі загадваюць такія напаўбагі, як Індра, бог Сонца й бог Месяцу, якія зьяўляюцца слугамі Вярхоўнага Госпада. Каб задаволіць Госпада, трэба выконваць ахвярапрынашэньні, інакш мы заўсёды будзем жыць у галечы – такі закон прыроды. Таму, каб выратаваць сябе, прынамсі, ад голаду, мы павінны выконваць ахвярапрынашэньні, і перш за ўсё санкіртана-яг’ю, якую прадпісваюць шастры для цяперашняга веку.

Навігацыя галоўнага мэню