На пачатку стварэньня Госпад, валадар усіх істотаў, стварыў людзей і напаўбагоў разам з ахвярапрынашэньнямі ў гонар Вішну й багаславіў іх, сказаўшы: «Будзьце ж шчасьлівыя, выконваючы гэтую яг’ю [ахвярапрынашэньне], бо яна даруе вам усё жаданае, каб вы маглі жыць бязьбедна і ўрэшце атрымалі вызваленьне».
Валадар усіх істотаў (Вішну) стварыў матэрыяльны сьвет, каб даць абумоўленым душам магчымасьць вярнуцца дамоў, да Бога. Усе жывыя істоты ў гэтым сьвеце знаходзяцца пад уладай матэрыяльнай прыроды, таму што забылі свае адносіны зь Вішну, ці Крышнам, Вярхоўнай Асобай Бога. Прадпісаньні Ведаў закліканыя дапамагчы нам усьвядоміць гэтыя вечныя адносіны. У «Бхагавад-гіце» (15.15) Госпад кажа: ведайш ча сарвайр ахам эва ведйах. Мэта вывучэньня Ведаў – спасьцігнуць Госпада. Ведычныя гімны кажуць: пацім вішвасйатмэшварам. Гэта пацьвярджае, што валадаром усіх істотаў зьяўляецца Вярхоўны Госпад, Вішну. У «Шрымад-Бхагаватам» (2.4.20) Шрыла Шукадэва Госвамі зноў і зноў называе Госпада словам паці:
Праджа-паці – гэта Госпад Вішну, Ён – валадар усіх істотаў, усіх сьветаў і ўсяго цудоўнага, а таксама апякун кожнага. Госпад стварыў матэрыяльны сьвет для таго, каб жывыя істоты навучыліся выконваць яг’і дзеля задавальненьня Вішну, што дасьць ім магчымасьць жыць шчасьліва, ня ведаючы трывогаў і галечы, і пад канец жыцьця, пакінуўшы матэрыяльнае цела, увайсьці ў царства Бога. Гэткая задума Госпада дзеля дабра ўсіх абумоўленых душаў. Выконваючы яг’ю, яны паступова разаўюць у сабе сьвядомасьць Крышны і стануць ува ўсіх адносінах справядлівымі.
У цяперашні век, век Калі, ведычныя пісаньні рэкамэндуюць выконваць санкіртана-яг’ю, то бок паўтараць імёны Бога. Гэты трансцэндэнтны мэтад прынёс на зямлю Госпад Чайтанья, каб выратаваць усіх людзей, якія жывуць у гэтую эпоху. Санкіртана-яг’я й сьвядомасьць Крышны ўзаемна дапаўняюць адна адну. У «Шрымад-Бхагаватам» (11.5.32) пра Госпада Крышну, які прыняў аблічча адданага (Госпада Чайтаньі), згадваецца ў сувязі з санкіртана-яг’яй. Там сказана:
«У век Калі ўсе разумныя людзі будуць выконваць санкіртана-яг’ю, ушаноўваючы такім чынам Госпада, які зьявіцца на зямлю ў суправаджэньні Сваіх спадарожнікаў». Іншыя ведычныя ахвярапрынашэньні ў Калі-югу выконваць вельмі цяжка, але санкіртана-яг’я – гэта лёгкі й узьнёслы мэтад, з дапамогай якога можна дасягнуць любых мэтаў; яго рэкамэндуе ў тым ліку й «Бхагавад-гіта» (9.14).