Бг. 7.9

पुण्यो गन्ध: पृथिव्यां च तेजश्चास्मि विभावसौ ।
जीवनं सर्वभूतेषु तपश्चास्मि तपस्विषु ॥ ९ ॥
пунйо гандхах прытхівйам ча
тэджаш часмі вібхавасау
джыванам сарва-бхутэшу
тапаш часмі тапасвішу

Паслоўны пераклад

пунйах — спрадвечны; гандхах — водар; прытхівйам — зямлі; ча — таксама; тэджах — жар; ча — таксама; асмі — (Я) ёсьць; вібхавасау — у агні; джыванам — жыцьцё; сарва — ува ўсіх; бхутэшу — у жывых істотах; тапах — аскетызм; ча — таксама; асмі — (Я) ёсьць; тапасвішу — у стараньніках.

Пераклад

Я – спрадвечны водар зямлі, і Я – жар агню. Я – жыцьцё ўсяго жывога і аскетызм усіх аскетаў.

Камэнтар

Слова пунья ўказвае на штосьці спрадвечнае, тое, што захавалася ў першародным выглядзе. У матэрыяльным сьвеце ўсё мае свой пах, нават калі гэта кветка, зямля, вада, паветра і г. д. Спрадвечны чысты пах, які праймае ўсё існае, – гэта Крышна. Таксама і ўсё ў гэтым сьвеце мае свой, непаўторны смак, які можа зьмяніцца, калі дадаць іншых хімічных рэчываў. Такім чынам, кожны прадмет ці субстанцыя валодае тым ці іншым спрадвечным пахам і смакам.

Вібхавасу значыць «агонь». Без агню спыніліся б фабрыкі й заводы, без агню мы не змаглі б згатаваць ежу, і гэты агонь – таксама Крышна. Дакладней, Крышна – гэта жар агню. Згодна зь ведычнай мэдыцынай, нястраўнасьць узьнікае ў выніку зьніжэньня тэмпэратуры ў страўніку, так што агонь патрэбен нам нават для таго, каб засвойваць ежу. Чалавек, які валодае сьвядомасьцю Крышны, разумее, што зямля, вада, агонь, паветра – усе хімічныя і фізычныя элемэнты і іхныя адметныя ўласьцівасьці існуюць толькі дзякуючы Крышне. Працягласьць нашага жыцьця таксама залежыць ад Крышны. З ласкі Крышны можна або падоўжыць сваё жыцьцё, або скараціць яго. Такім чынам, сьвядомасьць Крышны добра дастасоўваецца да ўсіх сфэраў быцьця.

Навігацыя галоўнага мэню