Бг. 7.7

मत्त: परतरं नान्यत्किञ्चिदस्ति धनञ्जय ।
मयि सर्वमिदं प्रोतं सूत्रे मणिगणा इव ॥ ७ ॥
маттах паратарам нанйат
кінчыд асці дхананджайа
майі сарвам ідам протам
сутрэ мані-гана іва

Паслоўны пераклад

маттах — Мяне; пара-тарам — якое перавышае; на — не; анйат кінчыт — што-небудзь іншае; асці — існуе; дхананджайа — о заваёўнік багацьцяў; майі — ува Мне; сарвам — усё; ідам — гэта (усё, што мы бачым вакол); протам — нанізанае; сутра — на нітку; мані-ганах — пэрліны; іва — як.

Пераклад

О заваёўнік багацьцяў, няма ісьціны вышэй за Мяне. Усё існае спачывае на Мне, падобна пэрлінам, нанізаным на нітку.

Камэнтар

Спакон вякоў навукоўцы спрачаюцца аб тым, ці зьяўляецца Aбсалютная Ісьціна асобай ці не. У «Бхагавад-гіце» неаднаразова гаворыцца пра тое, што Aбсалютная Ісьціна – гэта Вярхоўная Асоба Бога, Шры Крышна. У прыватнасьці, гэты верш даказвае, што Aбсалютная Ісьціна зьяўляецца асобай. Пацьверджаньне таму, што Асоба Бога – гэта Вышэйшая Aбсалютная Ісьціна, мы знаходзім і ў «Брахма-самхіце»: ішварах парамах крышнах сач-чыд-ананда-віграхах – Вышэйшая Aбсалютная Ісьціна, Асоба Бога, – гэта Крышна, адвечны Госпад, невычэрпная крыніца радасьці, Говінда, чыё цела вечнае, споўненае веданьня й асалоды. Гэтыя аўтарытэтныя пісаньні не пакідаюць сумневаў у тым, што Aбсалютная Ісьціна – гэта Вярхоўная Асоба, прычына ўсіх прычынаў. Аднак імпэрсаналісты спрабуюць аспрэчыць гэта, спасылаючыся на Веды, у прыватнасьці на наступны верш з «Шветашватара-ўпанішад» (3.10): тато йад уттаратарам тад арупам анамайам / йа этад відур амрытас тэ бхаванці атхетарэ духкхам эвапійанці – «У матэрыяльным сьвеце Брахма, першая істота ў сусьвеце, лічыцца найвялікшым сярод напаўбагоў, людзей і жывёлаў. Але вышэй за Брахму знаходзіцца трансцэндэнтны пачатак, які ня мае матэрыяльнай формы і не апаганены матэрыяй. Той, хто спасьціг яго, таксама дасягае трансцэндэнтнага ўзроўня, тыя ж, хто ня ведае яго, церпяць пакуты ў матэрыяльным сьвеце». Імпэрсаналісты надаюць асаблівае значэньне ўжытаму тут слову арупам. Аднак гэтае слова зусім не азначае «безасабовае быцьцё». Яно паказвае на духоўнае цела, якое вечнае, споўненае веданьня і асалоды, як гаварылася ў прыведзеным вышэй вершы з «Брахма-самхіты». Гэта таксама пацьвярджаецца ў іншых вершах з «Шветашватара-ўпанішад» (3.8–9):

ведахам этам пурушам махантам
адытйа-варнам тамасах парастат
там эва відытваці мрытйум эці
нанйах пантха відйатэ ’йанайа

йасмат парам напарам асці кінчыд
йасман нанійо но джйайо ’сці кінчыт
врыкша іва стабдхо дыві тыштхатй экас
тэнэдам пурнам пурушэна сарвам

«Я ведаю, што існуе Бог – Вярхоўная Асоба, якая стаіць вышэй за ўсе матэрыяльныя ўяўленьні, спароджаныя цемрай. Толькі той, хто спасьціг Яго, зможа вырвацца з колазвароту народзінаў і сьмерці. Няма іншага шляху да вызваленьня.

Няма такой ісьціны, якая была б вышэйшая за Вярхоўную Асобу, бо Госпад вышэй за ўсё. Ён меншы за драбнюткае і большы за найвялікшае. Ён стаіць нерухома, нібы дрэва, азараючы духоўнае неба, і як дрэва ва ўсе бакі распасьцірае карані, гэтак і Госпад пранізвае ўсё існае Сваёй бязьмежнай энэргіяй».

З гэтых вершаў вынікае, што Вышэйшая Aбсалютная Ісьціна – гэта Вярхоўная Асоба Бога, якая пранізвае ўсё існае Сваімі шматлікімі матэрыяльнымі і духоўнымі энэргіямі.

Навігацыя галоўнага мэню