Бг. 7.27

इच्छाद्वेषसमुत्थेन द्वन्द्वमोहेन भारत ।
सर्वभूतानि सम्मोहं सर्गे यान्ति परन्तप ॥ २७ ॥
іччха-двеша-самуттхена
двандва-мохена бхарата
сарва-бхутані саммохам
сарге йанці парантапа

Паслоўны пераклад

іччха — з жаданьня; двеша — і нянавісьці; самуттхена — якая ўзьнікае; двандва — дваістай; мохена — ілюзіяй; бхарата — о нашчадак Бхараты; сарва — усе; бхутані — жывыя істоты; саммохам — у ілюзію; сарге — падчас народзінаў; йанці — ідуць; парантапа — о пераможца ворагаў.

Пераклад

О нашчадак Бхараты, о пераможца ворагаў, усе жывыя істоты, зьяўляючыся на сьвет, апынаюцца пад уладай ілюзорнай дваістасьці, якая ўзьнікае з жаданьня й нянавісьці.

Камэнтар

Па сваёй спрадвечнай, сапраўднай прыродзе кожная жывая істота падуладная Вярхоўнаму Госпаду, які ёсьць чыстае веданьне. Калі жывая істота апынаецца пад уладай ілюзіі, якая адлучае яе ад чыстага веданьня, яна робіцца нявольніцай ілюзорнай энэргіі і ўжо ня здольная спасьцігнуць Вярхоўную Асобу Бога. Ілюзорная энэргія праяўляе сябе ў выглядзе дваістасьці – жаданьня й нянавісьці. Апанаваныя жаданьнем і нянавісьцю, неразумныя людзі жадаюць зраўнацца зь Вярхоўным Госпадам і ненавідзяць саму думку пра тое, што Крышна – гэта Вярхоўная Асоба Бога. Чыстыя адданыя, вольныя ад улады ілюзіі і ад гнюсі жаданьня й нянавісьці, ведаюць, што Госпад Шры Крышна зьяўляецца ў гэты сьвет сілай Сваёй унутранай энэргіі. Але тыя, хто асьлепленыя дваістасьцю і невуцтвам, лічаць Вярхоўную Асобу Бога спараджэньнем матэрыяльнай энэргіі. У гэтым іх бяда. Пад уплывам ілюзіі такія людзі думаюць катэгорыямі дваістасьці: пашаны і ганьбы, шчасьця і гора, дабра і зла. Адны зь іх лічаць сябе мужчынамі, іншыя – жанчынамі. «Гэта мая жонка, гэта мая хата. Я гаспадар у сваёй хаце. Я муж гэтай жанчыны», – думаюць яны. Такі сьвет дваістасьці. Уведзеныя ў зман ілюзорнай дваістасьцю, жывыя істоты губляюць здольнасьць цьвяроза думаць і ня могуць спасьцігнуць Вярхоўную Асобу Бога.

Навігацыя галоўнага мэню