Бг. 7.21

यो यो यां यां तनुं भक्त: श्रद्धयार्चितुमिच्छति ।
तस्य तस्याचलां श्रद्धां तामेव विदधाम्यहम् ॥ २१ ॥
йо йо йам йам танум бхакта
шраддхайарчытум іччхаці
тасйа тасйачалам шраддхам
там эва відадхамй ахам

Паслоўны пераклад

йах йах — які; йам йам — якому; танум — вобразу (напаўбога); бхактах — адданы; шраддхайа — зь верай; арчытум — пакланяцца; іччхаці — жадае; тасйа тасйа — таго; ачалам — непахісную; шраддхам — веру; там — тую; эва — безумоўна; відадхамі — даю; ахам — Я.

Пераклад

Я знаходжуся ў сэрцы кожнага як Звышдуша, і, калі чалавек хоча пакланяцца таму ці іншаму напаўбогу, Я ўзмацняю ягоную веру ў гэтага напаўбога, каб ён мог уручыць сябе яму.

Камэнтар

Бог надзяліў кожную істоту пэўнай доляй незалежнасьці, таму, калі чалавек імкнецца да мірскіх асалодаў і шчыра хоча атрымаць іх ад напаўбагоў, валадароў матэрыяльнага сьвету, Вярхоўны Госпад, які як Звышдуша знаходзіцца ў сэрцы кожнага, ведаючы пра гэта жаданьне, дапамагае чалавеку выканаць яго. Як вярхоўны айцец усіх істотаў, Госпад ня квапіцца на іхную незалежнасьць, а, наадварот, падае ім усё патрэбнае для таго, каб яны маглі зьдзейсьніць свае матэрыяльныя жаданьні. Можа паўстаць пытаньне: чаму ўсёмагутны Госпад дае жывым істотам магчымасьць цешыцца жыцьцём у матэрыяльным сьвеце і тым самым дазваляе ім трапіць у пастку ілюзорнай энэргіі. Адказ такі: калі б Вярхоўны Госпад у вобразе Звышдушы не даваў жывым істотам такой магчымасьці, у іх не было б сапраўднай незалежнасьці. Госпад падае кожнаму поўную свабоду дзеяньняў, але ў той жа час у «Бхагавад-гіце» Ён дае вышэйшае настаўленьне: «Пакінь усе свае заняткі і цалкам аддайся Мне». Толькі тады чалавек зможа стаць па-сапраўднаму шчасьлівым.

І людзі, і напаўбагі залежаць ад волі Вярхоўнага Госпада, таму без дазволу звыш чалавек ня можа пакланяцца напаўбогу, гэтак жа як і напаўбог ня можа даць яму багаславеньняў. Гаворыцца, што без дазволу Вярхоўнай Асобы Бога і травінка не зварухнецца. Звычайна Веды раяць людзям, якія цярпяць матэрыяльныя пакуты, зьвяртацца да напаўбагоў. Каб дасягнуць пэўнай мэты, трэба пакланяцца адпаведнаму напаўбогу. Так, хвораму чалавеку раяць ушаноўваць бога Сонца, таму, хто хоча ўславіцца навукоўцам, трэба ўшаноўваць багіню ведаў, Сарасваці, а чалавеку, які марыць пра прыгожую жонку, – багіню Ўму, жонку Госпада Шывы. Такім чынам, шастры ўтрымліваюць прадпісаньні, зьвязаныя з пакланеньнем розным напаўбагам. Калі чалавек хоча тых ці іншых мірскіх дабротаў, Госпад падахвочвае яго зьвярнуцца да адпаведнага напаўбога, і так ён атрымлівае жаданае багаславеньне. Менавіта Госпад абуджае ў чалавеку пачуцьцё адданасьці гэтаму напаўбогу. Самі напаўбагі ня здольныя ўсяліць такія пачуцьці ў сэрцы сваіх прыхільнікаў, – гэта робіць Крышна, Вярхоўны Госпад, які знаходзіцца ў сэрцы кожнага як Звышдуша. Напаўбагі – гэта часткі сусьветнага цела Госпада, таму яны ўва ўсім залежаць ад Яго. У Ведах сказана: «Вярхоўная Асоба Бога ў вобразе Звышдушы знаходзіцца ў сэрцы напаўбога і падахвочвае яго выконваць жаданьні людзей. І напаўбог, і людзі падпарадкоўваюцца волі Ўсявышняга. Яны не зьяўляюцца незалежнымі».

Навігацыя галоўнага мэню