Бг. 7.19

बहूनां जन्मनामन्ते ज्ञानवान्मां प्रपद्यते ।
वासुदेव: सर्वमिति स महात्मा सुदुर्लभ: ॥ १९ ॥
бахунам джанманам антэ
джнянаван мам прападйатэ
васудэвах сарвам іці
са махатма су-дурлабхах

Паслоўны пераклад

бахунам — многіх; джанманам — нараджэньняў; антэ — у канцы; джняна-ван — той, хто валодае дасканалым веданьнем; мам — Мне; прападйатэ — аддаецца; васудэвах — Вярхоўны Госпад, Крышна; сарвам — усё; іці — так; сах — той; маха-атма — вялікая душа; су-дурлабхах — вельмі рэдка сустракаецца.

Пераклад

Той, хто, пройдучы праз мноства нараджэньняў і сьмерцяў, атрымаў дасканалае веданьне, уручае сябе Мне, бо ён зразумеў, што Я – прычына ўсіх прычынаў і ўсё існае. Такая вялікая душа сустракаецца вельмі рэдка.

Камэнтар

Апасьля мноства жыцьцяў, прысьвечаных духоўнай практыцы і адданаму служэньню, жывая істота атрымлівае чыстае трансцэндэнтнае веданьне і разумее, што канчатковай мэтай шляху духоўнага самапазнаньня зьяўляецца Вярхоўная Асоба Бога. На першым этапе духоўнага шляху, калі чалавек спрабуе вызваліцца ад матэрыяльных прыхільнасьцяў, ён выяўляе схільнасьць да імпэрсаналізму, але, устаўшы на больш высокую ступень, разумее, што духоўнае жыцьцё поўнае разнастайнай дзейнасьці, якая складае адданае служэньне Госпаду. Усьвядоміўшы гэта, чалавек разьвівае прыхільнасьць да Вярхоўнага Госпада і аддаецца Яму. Тады ён разумее, што міласьць Госпада Шры Крышны ёсьць усё, што Крышна – прычына ўсіх прычынаў, і што матэрыяльны сьвет ува ўсім залежыць ад Яго. Ён таксама разумее, што матэрыяльны сьвет зьяўляецца скажоным адлюстраваньнем разнастайнасьці, якая пануе ў духоўным сьвеце, і што ўсё тут зьвязана зь Вярхоўным Госпадам. У выніку ён пачынае бачыць усё ў зьвязку з Васудэвам, Шры Крышнам. Такое бачаньне падахвочвае чалавека непадзельна аддацца Вярхоўнаму Госпаду Шры Крышне, які зьяўляецца канчатковай мэтай духоўнага шляху. Такая вялікая душа, што ўручыла сябе Госпаду, сустракаецца вельмі рэдка.

Выдатнае тлумачэньне гэтага верша дадзена ў «Шветашватара-ўпанішад» (3.14–15):

сахасра-шырша пурушах
сахасракшах сахасра-пат
са бхумім вішвато врытва
атй-атыштхад дашангулам

пуруша эведам сарвам
йад бхутам йач ча бхавйам
утамрытатвасйешано
йад аннэнатырохаці

«У Госпада Вішну тысячы галоў, тысячы вачэй, тысячы стопаў. Зьмяшчаючы ў Сябе цэлы сусьвет, Ён выходзіць за ягоныя межы на шырыню дзесяці пальцаў. Ён вірат-пуруша, уся сьветабудова. Ён – валадар неўміручасьці. Ён загадвае ўсімі, хто жыве за кошт ежы».

У «Чхандог’я-ўпанішад» (5.1.15) сказана: на вай вачо на чакшумшы на шротрані на манамсітй ачакшатэ прана іці эвачакшатэ прана хй эвайтані сарвані бхаванці – «Галоўным фактарам дзейнасьці кожнай жывой істоты зьяўляецца ня здольнасьць гаварыць, бачыць, чуць ці думаць, а жыцьцёвая сіла». Падобна гэтаму, галоўная рухальная сіла сьветабудовы – гэта Госпад Васудэва, Шры Крышна. Дзякуючы нашаму целу мы здольныя гаварыць, бачыць, чуць, думаць і г. д., але ўсе гэтыя здольнасьці губляюць сваё значэньне, калі не зьвязаны зь Вярхоўным Госпадам. І паколькі Васудэва ўсюдыісны і зьмяшчае ў Сябе ўсё, адданы, які валодае дасканалым веданьнем, уручае сябе Яму (гл. таксама Б.-г., 7.17 і 11.40).

Навігацыя галоўнага мэню