Пераадолець уплыў Маёй боскай энэргіі, якая складаецца з трох гунаў матэрыяльнай прыроды, неверагодна цяжка. Але той, хто аддаўся Мне, зь лёгкасьцю выходзіць з-пад яе ўлады.
Энэргія Вярхоўнай Асобы Бога падзяляецца на незьлічонае мноства відаў, і ўсе яны маюць боскую прыроду. Будучы часьцінкамі энэргіі Ўсявышняга, жывыя істоты таксама валодаюць боскай прыродай, але, калі яны ўваходзяць у судотык з матэрыяй, яна засланяе іхную спрадвечную, вышэйшую сьвядомасьць. Пакрытая абалонкай матэрыяльнай энэргіі, жывая істота ня мае сілы выйсьці з-пад яе ўлады. Як ужо было сказана, і матэрыяльная і духоўная энэргіі зыходзяць ад Вярхоўнай Асобы Бога і таму зьяўляюцца вечнымі. Жывыя істоты належаць да вышэйшай, вечнай прыроды Госпада, але, апаганеныя Ягонай ніжэйшай, матэрыяльнай прыродай, яны са спрадвечных часоў знаходзяцца ў палоне ілюзіі. Такія душы называюцца ніцья-баддхамі, вечна абумоўленымі. Ніхто ня можа ўсталяваць, калі жывая істота стала абумоўленай. Хоць матэрыяльная прырода зьяўляецца ніжэйшай энэргіяй Госпада, жывой істоце вельмі цяжка выйсьці з-пад яе ўлады, таму што яна дзейнічае, выконваючы волю Ўсявышняга, пярэчыць якой ня можа ніхто. Ніжэйшая, матэрыяльная энэргія названа тут боскай таму, што яна зьвязана з Госпадам і паслухмяная Ягонай волі. Праз кіраваньне боскай воляй, матэрыяльная прырода робіць сапраўдныя цуды, ствараючы і разбураючы матэрыяльны космас. У Ведах гэта пацьвярджаецца наступным чынам: майам ту пракрыцім відйан майінам ту махешварам – «Сама па сабе мая [ілюзія] не зьяўляецца рэальнай, бо яна ня вечная, аднак за ёй стаіць найдасканалы чараўнік, Госпад, Вярхоўная Асоба, якога называюць Махешварам, вярхоўным валадаром» (Шветашватара-ўпанішад, 4.10).
Другое значэньне слова гуна – «вяроўка». Яно ўказвае на тое, што абумоўленая душа моцна зьвязана вяроўкамі ілюзорнай энэргіі. Чалавек, зьвязаны па руках і нагах, ня можа вызваліцца сам – яму патрэбна дапамога таго, хто вольны. Яму не дапаможа другі зьвязаны: разьвязаць вяроўкі можа толькі той, хто сам вольны ад путаў. Іншымі словамі, вызваліць душу з матэрыяльнага палону можа толькі Госпад Крышна ці Ягоны сапраўдны прадстаўнік, духоўны настаўнік. Бязь іхнай дапамогі абумоўленая душа ніколі ня скіне кайданоў матэрыяльнага рабства. Дапамагчы нам вызваліцца ад матэрыяльных путаў можа адданае служэньне Госпаду, ці мэтад сьвядомасьці Крышны. Крышна, валадар неадольнай ілюзорнай энэргіі, можа загадаць ёй вызваліць абумоўленую душу. Аддаючы такі загад, Ён аказвае душы, якая аддалася Яму, Сваю беспадстаўную міласьць. Госпад кіруецца пачуцьцём бацькоўскай любові да жывых істотаў, якія спрадвеку зьяўляюцца Ягонымі ўмілаванымі дзецьмі. Такім чынам, адзіны спосаб выйсьці з-пад улады няўмольных законаў матэрыяльнай прыроды – гэта аддацца Госпаду і служыць Ягоным лотасавым стопам.
Характэрна таксама ўжытыя ў гэтым вершы словы мам эва. Мам («Мне») азначае толькі Крышне (Вішну), а ня Брахме ці Шыве. Хоць Брахма й Шыва незвычайна ўзьнёслыя істоты, якія знаходзяцца амаль на адным узроўні з Госпадам Вішну, але, будучы валадарамі раджа-гуны (жарсьці) і тама-гуны (невуцтва), яны падначалены маі і таму ня здольныя вызваліць абумоўленую душу зь ейных кіпцюроў. Толькі Вішну, валадар ілюзорнай энэргіі, можа выслабаніць душу зь ейнага палону. Гэта пацьвярджаецца ў Ведах (Шветашватара-ўпанішад, 3.8): там эва відытва – атрымаць вызваленьне можна, толькі спазнаўшы Крышну. Нават Госпад Шыва пацьвярджае, што атрымаць вызваленьне можна толькі з ласкі Госпада Вішну: мукці-прадата сарвешам вішнур эва на самшайах – «Няма ніякіх сумневаў у тым, што вызваленьне кожнай істоце даруе Госпад Вішну».