Бг. 17.28

अश्रद्धया हुतं दत्तं तपस्तप्‍तं कृतं च यत् ।
असदित्युच्यते पार्थ न च तत्प्रेत्य नो इह ॥ २८ ॥
ашраддхайа хутам даттам
тапас таптам крытам ча йат
асад ітй учйатэ партха
на ча тат прэтйа но іха

Паслоўны пераклад

ашраддхайа — бязь веры; хутам — прынясеньне ў ахвяру; даттам — аддадзенае; тапах — аскеза; таптам — выкананае; крытам — дасканалае; ча — таксама; йат — якое; асат — падманнае; іці — так; учйатэ — называецца; партха — о сын Прытхі; на — не; ча — таксама; тат — тое; прэтйа — памёршы; на у — не; іха — тут (у гэтым жыцьці).

Пераклад

Любыя ахвярапрынашэньні, ахвяраваньні ці аскеза, зьдзейсьненыя бязь веры ва Ўсявышняга, о сын Прытхі, часовыя. Іх называюць асат, і яны не прыносяць выгоды ні ў гэтым жыцьці, ні ў наступным.

Камэнтар

Любая дзейнасьць, якая ня мае духоўнай мэты, няхай гэта будуць ахвярапрынашэньні, дабрачыннасьць ці аскеза, не прыносіць карысьці. Таму дадзены верш сурова асуджае яе. Усе свае дзеяньні трэба прысьвячаць Усявышняму і зьдзяйсьняць у сьвядомасьці Крышны. Не валодаючы такой верай і ня маючы належнага кіраўніцтва, мы ніколі не атрымаем добрага выніку. Усе ведычныя пісаньні гавораць пра неабходнасьць веры ва Ўсявышняга. Усе настаўленьні Ведаў у канчатковым рахунку скіраваны на тое, каб дапамагчы чалавеку спасьцігнуць Крышну. Не падпарадкоўваючыся гэтаму прынцыпу, ніхто з нас ніколі не дасягне посьпеху. Таму найлепей адпачатку дзейнічаць у сьвядомасьці Крышны пад кіраўніцтвам сапраўднага духоўнага настаўніка. Тады ўсім нашым дзеяньням будзе спадарожнічаць посьпех.

Абумоўленыя душы прываблівае пакланеньне напаўбагам, духам ці якшам, такім як Кувэра. Гуна даброці лепш за гуны жарсьці і невуцтва, аднак той, хто адразу прымае сьвядомасьць Крышны, выходзіць з-пад уплыву ўсіх трох гунаў матэрыяльнай прыроды. Хоць існуе шлях паступовага духоўнага разьвіцьця, калі чалавек, дзякуючы зносінам з чыстымі адданымі, адразу прымае сьвядомасьць Крышны, ён абірае самы лепшы шлях. Менавіта гэты шлях рэкамэндуе Крышна ў дадзенай частцы. Каб дасягнуць посьпеху на гэтым шляху, неабходна перадусім знайсьці сапраўднага духоўнага настаўніка і пад ягоным кіраўніцтвам прайсьці патрэбную падрыхтоўку. У выніку чалавек атрымлівае веру ва Ўсявышняга. Калі з часам ягоная вера пасьпявае, яна называецца любоўю да Бога. І гэта любоў зьяўляецца вышэйшай мэтай жывой істоты. Таму неабходна адпачатку ўстаць на шлях сьвядомасьці Крышны. Такі сэнс настаўленьняў сямнаццатай часткі.

 

 

 

Так заканчваецца камэнтар Бхакціведанты да сямнаццатае часткі «Шрымад Бхагавад-гіты», якая называецца «Разнастайнасьці веры».

Навігацыя галоўнага мэню