Бг. 6.6

बन्धुरात्मात्मनस्तस्य येनात्मैवात्मना जित: ।
अनात्मनस्तु शत्रुत्वे वर्तेतात्मैव शत्रुवत् ॥ ६ ॥
бандхур атматманас тасйа
йенатмайватмана джытах
анатманас ту шатрутве
вартэтатмайва шатру-ват

Паслоўны пераклад

бандхух — сябар; атма — вум; атманах — жывой істоты; тасйа — яго; йена — якім; атма — вум; эва — безумоўна; атмана — жывой істотай; джытах — утаймаваны; анатманах — для таго, у каго не атрымалася ўтаймаваць свой вум; ту — але; шатрутве — з-за варожасьці; вартэта — застанецца; атма эва — той жа самы вум; шатру-ват — падобна ворагу.

Пераклад

Для таго, хто ўтаймаваў вум, ён робіцца лепшым сябрам, а для таго, у каго гэта не атрымалася, вум застаецца лютым ворагам.

Камэнтар

Мэта практыкі васьміступеністай сыстэмы ёгі – утаймаваць вум і зрабіць яго сваім сябрам, які дапаможа выканаць прызначэньне чалавечага жыцьця. Пакуль чалавек не ўтаймуе вум, усе ягоныя заняткі ёгай будуць толькі пустым марнаваньнем часу. Той, хто ня можа даць рады вуму, жыве побач са сваім лютым ворагам і таму марна пражывае жыцьцё, так і не дасягнуўшы ягонае мэты. Кожная жывая істота па сваёй прыродзе заклікана выконваць указаньні звыш. Пакуль вум застаецца нескароным ворагам, мы вымушаны падпарадкоўвацца дыктату пажадлівасьці, гневу, прагнасьці, ілюзіі і г. д. Калі ж у нас атрымліваецца ўтаймаваць вум, ён добраахвотна згаджаецца выконваць указаньні Вярхоўнага Госпада, які знаходзіцца ў сэрцы кожнага ў вобразе Параматмы. Сапраўдная ёга дае чалавеку магчымасьць адчуць прысутнасьць Параматмы ў сваім сэрцы і пачаць дзейнічаць, падпарадкоўваючыся волі Госпада. Для таго, хто ўстаў на шлях сьвядомасьці Крышны, зусім натуральна выконваць усе ўказаньні Госпада.

Навігацыя галоўнага мэню