З дапамогай вума чалавек павінен вызваліцца з матэрыяльнага палону, а не дэградаваць, апускаючыся ў ніжэйшыя формы жыцьця. Вум можа быць і сябрам абумоўленай душы, і ейным ворагам.
У розных кантэкстах слова атма можа перакладацца па-рознаму: «цела», «вум» ці «душа». У сыстэме ёгі асабліва важнымі элемэнтамі зьяўляюцца вум і абумоўленая душа. Паколькі цэнтрам дзейнасьці ў практыцы ёгі зьяўляецца вум, слова атма ў гэтым вершы азначае «вум». Мэта ёгі – утаймаваць вум і вызваліць яго ад прыхільнасьці да аб’ектаў пачуцьцяў. Тут асабліва падкрэсьліваецца, што вум трэба прызвычаіць дзейнічаць так, каб ён змог выцягнуць абумоўленую душу з багны недасьведчанасьці. У матэрыяльным сьвеце жывая істота знаходзіцца пад уладай уласнага вума й пачуцьцяў. Насамрэч, чыстая душа застаецца ў гэтым сьвеце толькі таму, што ейны вум знаходзіцца пад уплывам падманнага эга, якое імкнецца панаваць над матэрыяльнай прыродай. Таму вум трэба навучыць супрацьстаяць спакусам матэрыяльнае прыроды, – тады абумоўленая душа будзе выратавана. Жывая істота не павінна дэградаваць з-за прыхільнасьці да аб’ектаў пачуцьцяў. Чым мацней яна прывязана да іх, тым больш заблытваецца ў сетках матэрыяльнага жыцьця. Самы лепшы спосаб вызваліцца ад матэрыяльных прыхільнасьцяў – прымушаць вум заўсёды дзейнічаць у сьвядомасьці Крышны. Каб падкрэсьліць гэта, Крышна ўжывае слова хі: чалавек абавязкова павінен зрабіць гэта. У Ведах сказана:
«Вум можа спрычыніцца рабству, а можа й прывесьці да вызваленьня. Паглынуты думкамі пра аб’екты пачуцьцяў, вум ператварае чалавека ў раба, а адхілены ад гэтых аб’ектаў, вызваляе яго» (Aмрыта-бінду-ўпанішад, 2). Такім чынам, вум, які заўсёды заняты дзейнасьцю ў сьвядомасьці Крышны, дапаможа чалавеку дасягнуць вышэйшай ступені вызваленьня.