Гэты сумнеў мучыць мяне, о Крышна, таму я прашу Цябе расьсеяць яго. Толькі Ты адзін можаш вызваліць мяне ад падобных сумневаў.
Крышне вядома ўсё: мінулае, сучаснасьць і будучыня. Напачатку «Бхагавад-гіты» Госпад сказаў, што ўсе жывыя істоты былі індывідуальнасьцямі ў мінулым, зьяўляюцца такімі цяпер і захаваюць сваю індывідуальнасьць у будучыні, нават пасьля таго, як вызваляцца з матэрыяльнага палону. Тым самым Ён ужо адказаў на пытаньне пра будучыню індывідуальнай істоты. Зараз Aрджуна хоча ведаць, якая доля чакае няўдачлівага ёга. Ніводная істота ня можа зраўнацца з Крышнам ці перасягнуць Яго, нават так званыя вялікія мудрацы й філёзафы, якія залежаць ад матэрыяльнай прыроды. Таму словы Крышны ўтрымліваюць поўны і канчатковы адказ, які расьсейвае ўсе сумневы. Крышна ведае мінулае, сучаснасьць і будучыню, але Яго Самога ня ведае ніхто. Толькі Крышне і Ягоным адданым, якія валодаюць сьвядомасьцю Крышны, вядомы сапраўдны стан рэчаў.