Дасканалым ёгам, о Aрджуна, называюць таго, хто, параўноўваючы кожнага з сабой, бачыць сапраўдную роўнасьць усіх істотаў, незалежна ад таго, шчасьлівыя яны ці не.
Чалавек, які валодае сьвядомасьцю Крышны, зьяўляецца дасканалым ёгам; па сваім досьведзе ён ведае, што кожны ў гэтым сьвеце пакутуе і кожны адчувае шчасьце. Мы пакутуем таму, што забыліся на свае адносіны з Богам. A сапраўднае шчасьце прыходзіць да таго, хто зразумеў, што вынік усёй нашай дзейнасьці належыць Крышне, бо Ён – вярхоўны сярод тых, хто атрымлівае асалоду, і ведае, што Ён таксама валадар усіх земляў і плянэтаў і лепшы сябар кожнага. Дасканалы ёг разумее, што жывая істота, заняволеная гунамі матэрыяльнай прыроды, адчувае траістыя пакуты толькі таму, што забылася на свае адносіны з Крышнам. І калі той, хто атрымаў сьвядомасьць Крышны, робіцца шчасьлівым, ён імкнецца прынесьці веды пра Крышну ў кожны куток зямлі. Дасканалы ёг імкнецца пераканаць людзей у неабходнасьці атрымаць сьвядомасьць Крышны, таму ён – самы лепшы дабрадзей і найдаражэйшы слуга Госпада. На ча тасман манушйешу кашчын мэ прыйа-крыттамах (Б.-г., 18.69). Іншымі словамі, адданы Госпада нястомна клапоціцца пра выгоду ўсіх істотаў і таму зьяўляецца сапраўдным сябрам кожнага. Ён лепшы з усіх ёгаў, бо імкнецца да дасканаласьці ня дзеля ўласнай выгоды, але дзеля выгоды іншых. Ён ніколі не варагуе зь іншымі істотамі – сваімі субратамі. Такая розьніца паміж чыстым адданым Госпада і ёгам, зацікаўленым толькі ва ўласным дасканаленьні. Ёг, які ідзе ў самотнае месца ў пошуках ідэальных умоваў для мэдытацыі, можа ня быць такім узьнёслым, як адданы, які намагаецца штосілы прыцягнуць кожнага чалавека да сьвядомасьці Крышны.