Вярхоўны Госпад сказаў: Той, хто не прывязаны да пладоў сваёй працы, але дзейнічае, верны свайму абавязку, сапраўды жыве ў адрачэньні ад сьвету. Менавіта ён – сапраўдны ёг, а ня той, хто не запальвае агню й не выконвае сваіх абавязкаў.
У гэтай частцы Госпад апісвае практыку васьміступеністай ёгі, якая дазваляе ўтаймаваць вум і пачуцьці. Аднак звычайным людзям, асабліва ў век Калі, вельмі цяжка займацца гэтым відам ёгі. Рэкамэндуючы ў гэтай частцы сыстэму васьміступеністай ёгі, Госпад тым ня менш падкрэсьлівае, што мэтад карма-ёгі, дзейнасьці ў сьвядомасьці Крышны, значна лепей. Кожны ў гэтым сьвеце працуе, каб падтрымліваць сваю сям’ю: ніхто не працуе бескарысьліва, не імкнучыся проста ці ўскосна задаволіць патрэбы сваіх пачуцьцяў. Але чалавек, які дасягнуў дасканаласьці, дзейнічае ў сьвядомасьці Крышны, дзеля Крышны, а ня дзеля таго, каб нацешыцца пладамі сваёй працы. Дзейнічаць у сьвядомасьці Крышны – абавязак кожнай жывой істоты, бо па сваёй прыродзе ўсе мы – неад’емныя часьцінкі Ўсявышняга. Часткі цела працуюць для выгоды ўсяго цела. Розныя ворганы дзейнічаюць ня дзеля задавальненьня саміх сябе, а для таго, каб задаволіць патрэбы ўсяго арганізму. Гэтак сама як чалавек, які працуе ня дзеля сябе, а дзеля задавальненьня Вышэйшага Цэлага, – гэта дасканалы саньясі, ці дасканалы ёг.
Некаторыя саньясі памылкова лічаць сябе вольнымі ад усіх абавязкаў, зьвязаных з жыцьцём у матэрыяльным сьвеце, і спыняюць выконваць агніхотра-яг’і (агнявыя ахвярапрынашэньні). Але насамрэч імі рухаюць карысьлівыя інтарэсы, паколькі яны імкнуцца да зьліцьця зь безасабовым Брахманам. Такое жаданьне лепш якогась матэрыяльнага жаданьня, але і яно не пазбаўленае карысьці. Таксама як ёг-містык, які спыніў усялякую матэрыяльную дзейнасьць і мэдытуе, прыплюшчыўшы вочы, займаецца гэтым дзеля ўласнага задавальненьня. Аднак чалавек, які дзейнічае ў сьвядомасьці Крышны, працуе дзеля задавальненьня Вышэйшага Цэлага, не дамагаючыся асабістых інтарэсаў. Той, хто валодае сьвядомасьцю Крышны, не імкнецца да задавальненьня патрэбаў уласных пачуцьцяў. Ягоная мэта – даставіць задавальненьне Крышне, таму яго называюць дасканалым саньясі, ці дасканалым ёгам. Госпад Чайтанья, які явіў дасканалы прыклад адрачэньня ад сьвету, у Сваіх малітвах кажа:
«О Ўсемагутны Госпад, мне не патрэбна ні багацьцяў, ні прыгожых жанчынаў, ні пасьлядоўнікаў. Адзінае, чаго я хачу, – гэта па Тваёй беспадстаўнай міласьці жыцьцё за жыцьцём служыць Табе».