Бг. 15.15

सर्वस्य चाहं हृदि सन्निविष्टो
मत्त: स्मृतिर्ज्ञानमपोहनं च ।
वेदैश्च सर्वैरहमेव वेद्यो
वेदान्तकृद्वेदविदेव चाहम् ॥ १५ ॥
сарвасйа чахам хрыдзі саннівішто
маттах смрыцір джнянам апоханам ча
ведайш ча сарвайр ахам эва ведйо
веданта-крыд веда-від эва чахам

Паслоўны пераклад

сарвасйа — кожнай (жывой істоты); ча — таксама; ахам — Я; хрыдзі — у сэрцы; саннівіштах — які ўвайшоў; маттах — ад Мяне; смрыціх — памяць; джнянам — веданьне; апоханам — забыцьцё; ча — і; ведайх — Ведамі; ча — таксама; сарвайх — усімі; ахам — Я; эва — безумоўна; ведйах — тое, што варта спазнаваць; веданта-крыт — складальнік «Веданты»; веда-віт — знаўца Ведаў; эва — безумоўна; ча — і; ахам — Я.

Пераклад

Я знаходжуся ў сэрцы кожнай жывой істоты, і ад Мяне зыходзяць памяць, веданьне й забыцьцё. Мэта вывучэньня ўсіх Ведаў – спасьцігнуць Мяне. Я – сапраўдны складальнік «Веданты» і знаўца Ведаў.

Камэнтар

Вярхоўны Госпад у вобразе Параматмы знаходзіцца ў сэрцы кожнай жывой істоты, і менавіта Ён падахвочвае кожнага да дзейнасьці. Жывая істота цалкам забывае сваё мінулае жыцьцё, але дзякуючы падказкам Вярхоўнага Госпада, сьведкі ўсіх ейных ўчынкаў, яна атрымлівае магчымасьць ізноў пачаць дзейнічаць у гэтым жыцьці, як бы працягваючы рабіць тое, што рабіла ў мінулым. Вось чаму ў наступным жыцьці яна пачынае дзейнічаць у адпаведнасьці са сваёй мінулай кармай. Госпад дае ёй патрэбныя для гэтага веды і памяць і дазваляе забыць мінулае жыцьцё. Такім чынам, Госпад зьяўляецца ня толькі ўсюдыісным, Ён таксама Сам знаходзіцца ў сэрцы кожнай жывой істоты, прымушаючы яе пажынаць плады сваёй мінулай дзейнасьці. Яму пакланяюцца ня толькі як безасабоваму Брахману, Вярхоўнай Асобе Бога і Параматме ў сэрцы кожнага, але і ў вобразе Ведаў. Веды даюць людзям настаўленьні, якія дапамагаюць ім правільна пабудаваць сваё жыцьцё і вярнуцца дамоў, да Бога. Сьвятыя пісаньні паглыбляюць нашае веданьне пра Вярхоўную Асобу Бога, Крышну, і Сам Крышна, увасоблены ў вобразе В’ясадэвы, зьяўляецца складальнікам «Веданта-сутры». Пракамэнтаваўшы «Веданта-сутру» ў «Шрымад-Бхагаватам», В’ясадэва раскрыў ейны сапраўдны сэнс. Вярхоўны Госпад настолькі ўсёахопны, што дзеля вызваленьня абумоўленых душаў Ён забясьпечвае іх ежай і Сам жа пераварвае яе, назірае за іхнай дзейнасьцю, дае ім веды ў форме сьвятых пісаньняў, а таксама прыходзіць як Вярхоўная Асоба Бога, Крышна, каб распавесьці «Бхагавад-гіту». Усё гэта робіць Госпада ўседобрым і ўсяміласьцівым, таму ўсе абумоўленыя душы павінны пакланяцца Яму.

Aнтах-правіштах шаста джананам. Пакідаючы колішняе цела, жывая істота адразу ж забывае пра мінулае, але Вярхоўны Госпад зноў падахвочвае яе да дзейнасьці. Хоць сама жывая істота нічога ня помніць пра сваё мінулае жыцьцё, Госпад дае ёй розум, патрэбны для таго, каб яна магла аднавіць сваю дзейнасьць з таго моманту, дзе яна была перапынена ў мінулым. Больш за тое, скіраваная Вярхоўным Госпадам, які знаходзіцца ў ейным сэрцы, жывая істота ня толькі цешыцца ці пакутуе ў матэрыяльным сьвеце, але і атрымлівае магчымасьць спасьцігнуць Веды, якія дае Сам Госпад. Таго, хто сапраўды імкнецца спасьцігнуць Веды, Крышна надзяляе патрэбным для гэтага розумам. Чаму Ён дае жывым істотам Веды? Таму што кожнай жывой істоце трэба спасьцігнуць Крышну. Гэта пацьвярджаюць самі Веды: йо саў сарвайр ведайр гійатэ. Усе ведычныя пісаньні, пачынаючы з чатырох Ведаў і заканчваючы «Веданта-сутрай», Упанішадамі і Пуранамі, славяць веліч Вярхоўнага Госпада. Выконваючы ведычныя абрады, абмяркоўваючы філязофію Ведаў і пакланяючыся Госпаду праз мэтад адданага служэньня, душа зможа вярнуцца да Яго. Такім чынам, мэта Ведаў – спасьцігнуць Крышну. Веды даюць нам указаньні, кіруючыся якімі мы зможам зразумець Крышну і ўбачыць шлях, што вядзе да Яго. Канчатковай мэтай зьяўляецца зразуменьне Вярхоўнай Асобы Бога. «Веданта-сутра» (1.1.4) пацьвярджае гэта ў наступным афарызьме: тат ту саманвайат. На шляху да дасканаласьці чалавек праходзіць тры этапы. Вывучаючы Веды, чалавек даведваецца пра свае стасункі зь Вярхоўнай Асобай Бога; займаючыся рознымі відамі духоўнай практыкі, ён набліжаецца да Госпада, і ўрэшце ён дасягае вышэйшае мэты – Вярхоўнай Асобы Бога. У гэтым вершы ясна вызначаны прызначэньне, мэтад спасьціжэньня і канчатковая мэта Ведаў.

Навігацыя галоўнага мэню