Калі чалавек, які валодае боскай сьвядомасьцю, бачыць, чуе, датыкаецца, адчувае пахі, есьць, ходзіць, сьпіць або дыхае, ён заўсёды ведае, што сам ён нічога ня робіць. Яму вядома, што, калі ён гутарыць, спаражняе кішачнік або напаўняе страўнік, расплюшчвае або заплюшчвае вочы, гэта проста матэрыяльныя пачуцьці ўзаемадзейнічаюць з аб’ектамі ўспрыманьня, але сам ён не датычны да ўсяго гэтага.
Чалавек, які разьвіў у сабе сьвядомасьць Крышны, чысты, таму ён ніяк не зьвязаны зь дзейнасьцю, выкліканай пяцьцю непасрэднымі і ўскоснымі прычынамі: тым, хто зьдзяйсьняе дзеяньне, самой дзейнасьцю, зьнешнімі абставінамі, прыкладаемымі намаганьнямі й лёсам. Прычына гэтага ў тым, што такі чалавек увесь час заняты трансцэндэнтным любоўным служэньнем Крышне. Хоць на першы погляд здаецца, што ён дзейнічае з дапамогай цела і ворганаў пачуцьцяў, ён заўсёды ўсьведамляе сваё сапраўднае прызначэньне, якім зьяўляецца духоўная дзейнасьць. Чалавек, які валодае матэрыяльнай сьвядомасьцю, залучае свае ворганы пачуцьцяў у дзейнасьць дзеля ўласнага задавальненьня, але той, хто здабыў сьвядомасьць Крышны, выкарыстоўвае свае ворганы пачуцьцяў, імкнучыся прынесьці асалоду Крышне. Таму чалавек, які разьвіў у сабе сьвядомасьць Крышны, заўсёды вольны, хоць здаецца, што ён дзейнічае, выкарыстоўваючы ворганы пачуцьцяў. Зрокавае і слыхавое ўспрыманьне зьяўляюцца функцыяй ворганаў пазнаньня, а рух, маўленьне, апаражненьне кішачніка і г. д. – гэта функцыі ворганаў дзеяньня. Чалавек, які валодае сьвядомасьцю Крышны, ніколі не трапляе пад уплыў дзейнасьці сваіх ворганаў пачуцьцяў. Ён не займаецца нічым, акрамя служэньня Госпаду, бо ведае, што ён – вечны слуга Крышны.