Бг. 1.30

न च शक्न‍ोम्यवस्थातुं भ्रमतीव च मे मनः ।
निमित्तानि च पश्यामि विपरीतानि केशव ॥ ३० ॥
на ча шакномй авастхатум
бхаматыва ча мэ манах
німіттані ча пашйамі
віпарытані кешава

Паслоўны пераклад

на — не; ча — таксама; шакномі — магу; авастхатум — заставацца; бхамаці — забывае; іва — як быццам; ча — і; мэ — мой; манах — вум; німіттані — прычыны; ча — таксама; пашйамі — бачу; віпарытані — супрацьлеглыя; кешава — о Крышна, які забіў дэмана Кешы.

Пераклад

Я больш ня ў сілах заставацца тут. Памяць адмаўляе мне, і мой розум памутнеў. Усё, што я бачу, прадвяшчае адныя толькі няшчасьці, о Крышна, забойца дэмана Кешы.

Камэнтар

Замяшаньне, якое ахапіла Арджуну, гнала яго прэч з поля бою, а розум ягоны так аслабеў, што ён больш ня памятаў сябе. Чалавек аказваецца ў такім стане з-за празьмернай прыхільнасьці да матэрыяльных аб’ектаў. Бхайам двітыйабхінівешатах сйат (Бхаг., 11.2.37): такі страх і неспакой уласьцівыя людзям, якія знаходзяцца ў вельмі моцнай залежнасьці ад матэрыяльных абставінаў. Арджуне здавалася, што бітва прынясе яму адныя пакуты і нават перамога над ворагам ня зробіць яго шчасьлівым. Вялікае значэньне ў гэтым вершы маюць словы німіттані віпарытані. Калі чалавек разумее, што ў будучыні яго чакаюць адныя толькі расчараваньні і яго надзеям не наканавана спраўдзіцца, ён міжволі задаецца пытаньнем: «Што я тут раблю?» Кожны дбае пра ўласны дабрабыт. Нікога не цікавіць Вышэйшая Душа. Па волі Крышны Арджуна паводзіць сябе так, як быццам ня ведае, у чым палягае сапраўднае дабро. Сапраўднае дабро атрымлівае той, хто прыходзіць да Вішну (або Крышны). Абумоўленая душа забывае пра гэта й таму пакутуе ў матэрыяльным сьвеце. Арджуна быў упэўнены, што перамога ў бітве ня прынясе яму нічога, акрамя гора.

Навігацыя галоўнага мэню