Зірні, о настаўнік, на велізарнае войска сыноў Панду, якое так па-майстэрску вышыхаваў твой адораны вучань, сын Друпады.
Вялікі дыплямат, Дур’ёдхана хацеў паказаць Дроначар’і, выдатнаму ваеначальніку-брахману, на дапушчаны ім промах. Калісьці Дроначар’я пасварыўся з царом Друпадам, бацькам Драўпадзі, якая потым стала жонкай Арджуны. Абражаны Друпада зладзіў вялікае ахвярапрынашэньне й атрымаў багаславеньне, ад якога ў яго павінен быў нарадзіцца сын, здольны забіць Дроначар’ю. Дроначар’я выдатна ведаў пра гэта, але, будучы велікадушным брахманам, ён не вагаючыся адкрыў усе свае ваенныя сакрэты сыну Друпады, Дхрыштадзьюмне, калі той навучаўся ў яго воінскаму майстэрству. Цяпер на полі бітвы Курукшэтра Дхрыштадзьюмна выступаў на баку Пандаваў, і менавіта ён вышыхаваў іхнае войска ў баявыя парадкі, скарыстаўшыся ведамі, атрыманымі ад Дроначар’і. Дур’ёдхана паказаў Дроначар’і на дапушчаную ім памылку, каб ён быў напагатове й нікога не шкадаваў падчас бою. Гэтымі словамі ён таксама намякае на тое, што Дроначар’я не павінен праяўляць мяккасьці, змагаючыся з Пандавамі, якія таксама былі ягонымі вучнямі, прычым любімымі. Самым любімым і здольным вучнем Дроначар’і быў Арджуна, таму Дур’ёдхана папярэдзіў Дроначар’ю, што любая паблажлівасьць на полі бою немінуча прывядзе да паразы.