Санджая сказаў: Агледзеўшы баявыя парадкі арміі сыноў Панду, цар Дур’ёдхана падышоў да свайго настаўніка й прамовіў такія словы.
Дхрытараштра быў сьляпы ад нараджэньня. На няшчасьце, ён быў пазбаўлены й духоўнага гледжаньня. Ён выдатна ведаў, што ягоныя сыны такія ж сьляпыя ў пытаньнях рэлігіі, як і ён, і быў упэўнены, што яны ніколі ня прыйдуць да пагадненьня з дабрадзейнымі ад нараджэньня Пандавамі. І ўсё ж яго адольвалі сумневы: ён ня ведаў, які ўплыў акажа на ягоных сыноў месца паломніцтва. Санджая разумеў, што заахвоціла Дхрытараштру спытаць, як разгортваюцца падзеі на полі бітвы. Жадаючы падбадзёрыць зьмяншэлага духам цара, ён запэўніў яго, што ягоныя сыны не зьбіраюцца ісьці на міравую, нягледзячы на ўплыў сьвятога месца. Таму ён паведаміў цару, што ягоны сын Дур’ёдхана, агледзеўшы войска Пандаваў, падышоў да галоўнакамандуючага арміі Каўраваў, Дроначар’і, каб расказаць яму пра стан справаў. Хоць Дур’ёдхана названы тут царом, сур’ёзнасьць сытуацыі прымусіла яго пайсьці да галоўнакамандуючага сваёй арміі. Гэты ўчынак выдае ў ім майстэрскага палітыка. Але нават такі дасьведчаны дыплямат, як Дур’ёдхана, ня здолеў схаваць страху, які ён адчуў, убачыўшы армію Пандаваў.