І ў той жа час усё створанае знаходзіцца па-за Мной. Паглядзі на Маю містычную магутнасьць! Будучы апорай усіх жывых істотаў і знаходзячыся ўсюды, Я не зьяўляюся часткай матэрыяльнага сусьвету, бо Я сам – крыніца стварэньня.
Госпад кажа, што ўсё існае спачывае на Ім (мат-стхані сарва-бхутані). Трэба правільна зразумець Ягоныя словы. Сам Госпад ня ўдзельнічае ў падтрыманьні матэрыяльнага сусьвету. Часам можна ўбачыць выяву Aтлянта, які трымае на сваіх плячах зямны шар; згінаючыся пад ягоным цяжарам, ён выглядае вельмі стомленым. Мы не павінны ўяўляць такім Крышну, які трымае на Сабе сусьвет. Ён кажа, што, хоць усё існае спачывае на Ім, Сам Ён – убаку ад усяго. Плянэтныя сыстэмы лунаюць у касьмічнай прасторы, якая ўяўляе сабою энэргію Вярхоўнага Госпада. Аднак Сам Ён адрозьніваецца ад касьмічнай прасторы. Становішча Госпада іншае. Таму Госпад кажа: «Хоць усё існае спачывае на Маёй неспасьціжнай энэргіі, Я, будучы Вярхоўнай Асобай Бога, застаюся па-за ім». Такая неспасьціжная магутнасьць Госпада.
У ведычным слоўніку «Нірукці» сказана: йуджйатэ ’нэна дургхатэшу карйешу – «Вярхоўны Госпад паказвае дзіўныя, неспасьціжныя гульні з дапамогай Сваёй энэргіі». Ён валодае разнастайнымі магутнымі энэргіямі, і кожны Ягоны намер адразу робіцца явай. Так трэба разумець прыроду Асобы Бога. Задумаўшы зрабіць нешта, мы змушаны пераадольваць мноства перашкодаў і часьцяком ня можам выканаць свае жаданьні. Але калі Крышна захоча чаго-небудзь, аднаго Ягонага жаданьня дастаткова, і ўсё адбываецца такім цудоўным чынам, што можна толькі захапляцца. Госпад так тлумачыць гэта: хоць усё стварэньне трымаецца на Ім, Сам Ён не дакранаецца матэрыяльнага космасу. Усё існае ствараецца, захоўваецца, падтрымліваецца і ўрэшце зьнішчаецца Ягонай вышэйшай воляй. Паколькі Ён абсалютна духоўны, то паміж Ягоным вумом і Ім самім няма ніякай розьніцы (тады як мы адрозьніваемся ад свайго цяперашняга матэрыяльнага вума). Госпад адначасова знаходзіцца ўсюды, аднак звычайнаму чалавеку ніколі не зразумець, якім чынам Ён асабіста прысутнічае ўсюды. Ён па-за матэрыяльным сьветам, і ў той жа час усё спачывае на Ім. На гэта паказваюць словы ёгам айшварам – такая ёсьць містычная магутнасьць Вярхоўнай Асобы Бога.