У Сваёй непраяўленай форме Я праймаю ўвесь сусьвет. Усе істоты знаходзяцца ўва Мне, але Я – ня ў іх.
Вярхоўную Асобу Бога немагчыма ўспрыняць грубымі матэрыяльнымі пачуцьцямі.
Імя Госпада Шры Крышны, Ягоную славу, гульні і г. д. немагчыма спасьцігнуць з дапамогай матэрыяльных ворганаў пачуцьцяў. Госпад адкрывае Сябе толькі таму, хто займаецца чыстым адданым служэньнем пад належным кіраўніцтвам. У «Брахма-самхіце» (5.38) сказана: прэманджана-ччхурыта-бхакці-вілочанэна сантах садайва хрыдайешу вілокайанці. Вярхоўную Асобу Бога, Говінду, заўсёды бачыць унутры сябе і вонкі толькі той, хто адчувае духоўную любоў да Госпада. Ад позіркаў звычайных людзей Госпад утоены. Тут сказана, што, хоць Ён усюдыісны і знаходзіцца паўсюль, Яго немагчыма спасьцігнуць з дапамогай матэрыяльных ворганаў пачуцьцяў. На гэта ўказвае слова ав’якта-мурціна. Але хоць мы ня бачым Госпада, усё існае знаходзіцца ў Ім. Як было сказана ў сёмай частцы, увесь матэрыяльны космас уяўляе сабою спалучэньне дзьвюх Ягоных энэргіяў: вышэйшай, духоўнай, і ніжэйшай, матэрыяльнай. Энэргія Госпада разьліта па ўсяму стварэньню, падобна сонечнаму сьвятлу, якое асьвятляе ўвесь сусьвет, і ўсё існае спачывае на ёй.
Аднак ня трэба думаць, што, калі Госпад усюдыісны, гэта пазбаўляе Яго асобавай формы. Каб аспрэчыць падобныя сьцьверджаньні, Госпад кажа: «Я знаходжуся ўсюды, і ўсё існае знаходзіцца ўва Мне, аднак Сам Я знаходжуся па-за ўсім». Напрыклад, цар узначальвае ўрад, які зьяўляецца ня чым іншым, як праяўленьнем ягонай энэргіі; розныя міністэрствы і ўстановы – гэта ўсяго толькі энэргіі цара, і кожнае зь іх дзейнічае, абапіраючыся на ягоную ўладу. Аднак нельга чакаць, што цар будзе асабіста знаходзіцца ў кожнай з установаў. Гэта даволі грубая аналёгія. Таксама і ўсё, што мы бачым вакол, усё, што існуе ў матэрыяльным і духоўным сьвеце, спачывае на энэргіі Вярхоўнай Асобы Бога. Госпад стварае гэты сьвет, шырачы Свае шматлікія энэргіі, і, як сказана ў «Бхагавад-гіце», віштабхйахам ідам крытснам – Сам Ён знаходзіцца паўсюль у выглядзе Звышдушы, якая прадстаўляе Яго.