Бг. 9.30

अपि चेत्सुदुराचारो भजते मामनन्यभाक् ।
साधुरेव स मन्तव्य: सम्यग्व्यवसितो हि स: ॥ ३० ॥
апі чэт су-дурачаро
бхаджатэ мам ананйа-бхак
садхур эва са мантавйа
самйаг вйавасіто хі сах

Паслоўны пераклад

апі — нават; чэт — калі; су-дурачарах — чалавек, які зьдзяйсьняе самыя агідныя ўчынкі; бхаджатэ — з адданасьцю служыць; мам — Мне; ананйа-бхак — мэтанакіраваны; садхух — сьвяты; эва — безумоўна; сах — ён; мантавйах — той, каго варта лічыць; самйак — цалкам; вйавасітах — споўнены рашучасьці; хі — вядома; сах — ён.

Пераклад

Нават калі чалавек, які займаецца адданым служэньнем, зьдзейсьніць самы агідны ўчынак, яго ўсё роўна трэба лічыць сьвятым, бо ён споўнены рашучасьці ісьці верным шляхам.

Камэнтар

Ужытае ў гэтым вершы слова су-дурачарах вельмі істотна, і ягоны сэнс неабходна зразумець правільна. У абумоўленым стане жывая істота займаецца дзейнасьцю двух відаў: вонкавай матэрыяльнай і той, якая адпавядае ейнай глыбіннай прыродзе. Клапоцячыся пра патрэбы цела, падпарадкоўваючыся законам грамадзтва й дзяржавы, чалавек у матэрыяльным сьвеце, нават калі ён адданы, вымушаны займацца разнастайнай дзейнасьцю, якая адносіцца да катэгорыі абумоўленай. Апроч гэтага, чалавек, які цалкам усьвядоміў сваю духоўную прыроду, займаецца дзейнасьцю ў сьвядомасьці Крышны, ці адданым служэньнем Госпаду. Такую дзейнасьць называюць духоўнай. Яна адпавядае ягонай глыбіннай прыродзе і адносіцца да катэгорыі адданага служэньня. Калі адданы знаходзіцца ў абумоўленым стане, ягонае адданае служэньне і абумоўленая матэрыяльная дзейнасьць, зьвязаная з клопатам пра цела, працякаюць паралельна, а часам нават уступаюць у супярэчнасьць адна з адной. Адданы, наколькі гэта магчыма, заўсёды вельмі асьцярожны і імкнецца не рабіць таго, што можа апаганіць яго. Ён ведае, што ягоная дзейнасьць дасканалая настолькі, наколькі ён дасканаліцца ў сьвядомасьці Крышны. Аднак бывае, што чалавек, які валодае сьвядомасьцю Крышны, зьдзяйсьняе ўчынак, які з сацыяльнага ці палітычнага пункту гледжаньня зьяўляецца заганным. Але такое падзеньне зьяўляецца часовым і не пазбаўляе яго дасягнутых вынікаў. У «Шрымад-Бхагаватам» сказана, што, калі чалавек падае, але разам з тым ягонае сэрца аддадзена трансцэндэнтнаму служэньню Вярхоўнаму Госпаду, Госпад, які знаходзіцца ў ягоным сэрцы, Сам ачышчае яго і даруе яму гэтую правіну. Забруджвальнае ўзьдзеяньне матэрыяльнай прыроды такое моцнае, што часам ягонай ахвярай можа стаць нават ёг, паглынуты служэньнем Госпаду. Але дзякуючы магутнасьці сьвядомасьці Крышны ён вельмі хутка акрыяе ад такога выпадковага падзеньня. Таму шлях адданага служэньня заўсёды прыводзіць да посьпеху. Ніхто не павінен насьміхацца з адданага за выпадковую правіну, што прымусіла яго сысьці са шляху да дасканаласьці, бо, як сказана ў наступным вершы, у свой тэрмін, пасьля таго як адданы цалкам разаўе ў сабе сьвядомасьць Крышны, такія выпадковыя падзеньні спыняцца.

Таму трэба лічыць, што чалавек, які з усёй рашучасьцю практыкуе сьвядомасьць Крышны і заўсёды паўтарае мантру Харэ Крышна, Харэ Крышна, Крышна Крышна, Харэ Харэ / Харэ Рама, Харэ Рама, Рама Рама, Харэ Харэ, знаходзіцца на духоўным узроўні, нават калі ён выпадкова спатыкнуўся. Шры Крышна асабліва падкрэсьлівае словы садхур эва («ён сьвяты»). Гэтыя словы – засьцеражэньне для абываталяў: ніколі не насьміхайцеся з адданага, які выпадкова зьдзейсьніў правіннасьць. Нават таго адданага, які спатыкнуўся, трэба лічыць садху, сьвятым. Яшчэ мацней падкрэсьлівае гэтую думку слова мантав’ях. Той, хто не кіруецца гэтым правілам і абсьмейвае адданага за выпадковую правіну, парушае ўказаньне Ўсявышняга. Адзіная якасьць, патрэбная адданаму, – няўхільна займацца служэньнем Госпаду, прысьвячаючы яму ўсяго сябе.

У «Нрысімха-пуране» сказана:

бхагаваці ча харав ананйа-чэта
бхрыша-маліно ’пі віраджатэ манушйах
на хі шаша-калуша-ччхабіх кадачыт
тыміра-парабхаватам упайці чандрах

Сэнс гэтага верша ў тым, што, калі чалавек, паглынуты адданым служэньнем Госпаду, часам робіць непрыстойныя ўчынкі, гэтыя ўчынкі трэба лічыць нечым накшталт плямаў на месяцы, якія падобныя на сьлед зайца. Гэтыя плямы не замінаюць месяцоваму сьвятлу ліцца на зямлю. Таксама й выпадковае падзеньне чалавека са шляху адданага служэньня ня робіць яго грэшнікам.

Зь іншага боку, гэты верш нельга тлумачыць у тым сэнсе, што адданы, заняты служэньнем Госпаду, можа зьдзяйсьняць любыя грахі; тут гаворка ідзе толькі пра выпадковае падзеньне, выкліканае моцнымі матэрыяльнымі прыхільнасьцямі. Ступаючы на шлях адданага служэньня, чалавек аб’яўляе вайну ілюзорнай энэргіі. І пакуль у яго недастаткова сілаў, каб пасьпяхова адбіваць ейны напор, яму не пазьбегнуць выпадковых падзеньняў. Аднак, калі адданы адужае, гэтыя падзеньні, як ужо гаварылася, спыняцца самі сабой. Ніхто з нас не павінен выкарыстоўваць гэты верш для апраўданьня сваіх нягодных паводзінаў, прыкрываючыся тым, што «служыць Госпаду». Калі, займаючыся адданым служэньнем, чалавек ня будзе імкнуцца пазбавіцца благіх схільнасьцяў, ён так і застанецца на ніжэйшай ступені адданага служэньня.

Навігацыя галоўнага мэню