Той, хто сапраўды спасьціг Маю веліч і містычную магутнасьць, прысьвячае ўсяго сябе чыстаму адданаму служэньню; у гэтым няма й ня можа быць ніякіх сумневаў.
Дасягнуць вышэйшай ступені духоўнай дасканаласьці – значыць спасьцігнуць Вярхоўную Асобу Бога. Пакуль чалавек ня мае цьвёрдай веры ў тое, што Вярхоўны Госпад зьяўляецца ўладальнікам незьлічоных уласьцівасьцяў, ён ня зможа займацца адданым служэньнем. Звычайна людзі кажуць, што Бог вялікі, але, зазвычай, яны ня ведаюць, наколькі Ён вялікі. Уяўленьне пра веліч Госпада можна атрымаць з гэтых вершаў. Той, хто сапраўды спасьціг веліч Госпада, неадкладна аддаецца Яму і прысьвячае сябе адданаму служэньню Госпаду. У чалавека, якому адкрылася сапраўдная веліч Госпада, няма іншага выбару, апроч як аддацца Яму. Атрымаць гэтае веданьне можна, зьвярнуўшыся да «Шрымад-Бхагаватам», «Бхагавад-гіты» і іншых сьвятых пісаньняў.
У сусьвеце на розных плянэтах ёсьць шмат напаўбагоў, якія кіруюць матэрыяльным сьветам. Галоўнымі сярод іх зьяўляюцца Брахма, Госпад Шыва, чатыры вялікія Кумары і некаторыя іншыя. У насельнікаў сусьвету шмат прародзічаў, але ўсе яны паходзяць ад Вярхоўнага Госпада, Крышны. Вярхоўная Асоба Бога, Крышна, зьяўляецца продкам усіх прародзічаў.
Вось некаторыя з уласьцівасьцяў Усявышняга. Той, хто перакананы ў іх існаваньні, атрымлівае непахісную веру ў Крышну і, вольны ад сумневаў, прысьвячае сябе адданаму служэньню. Усё гэтае веданьне неабходна для таго, каб прыцягнуць чалавека да адданага служэньня Госпаду. Мы не павінны грэбаваць веданьнем пра веліч Крышны, бо, усьвядоміўшы, наколькі Ён вялікі, мы зможам з усёй шчырасьцю прысьвяціць сябе служэньню Яму.