Але навошта табе, о Aрджуна, ведаць усе гэтыя падрабязнасьці? Адной Сваёю часткай Я праймаю і падтрымліваю ўвесь сусьвет.
Уваходзячы ў сэрца кожнай жывой істоты як Звышдуша, Вярхоўны Госпад знаходзіцца паўсюль, праймаючы Сабой усе матэрыяльныя сусьветы. Тут Госпад кажа Aрджуне, што няма ніякага сэнсу спасьцігаць прыгажосьць і хараство асобных зьяваў гэтага сьвету. Дастаткова ведаць, што ўсё створанае існуе толькі дзякуючы таму, што ў ім у выглядзе Звышдушы прысутнічае Крышна. Усе істоты, ад гіганцкага Брахмы і аж да маленькай мурашкі, працягваюць жыць толькі таму, што ў сэрцы кожнай зь іх знаходзіцца Госпад, які падтрымлівае іхнае існаваньне.
Чальцы нейкай Місыі настойваюць на тым, што, пакланяючыся любому з напаўбагоў, чалавек прыйдзе да Вярхоўнай Асобы Бога, то бок дасягне вышэйшай мэты жыцьця. Але тут Крышна цалкам адхіляе неабходнасьць пакланеньня напаўбагам, бо нават самыя вялікія зь іх, Брахма й Шыва, уяўляюць сабою толькі іскру хараства Вярхоўнага Госпада. Ён – крыніца ўсяго існага, і ніхто ня можа перасягнуць Яго. Ён асамаўрдхва; гэта значыць, што на сьвеце няма нікога роўнага Яму ці больш вялікага, чым Ён. У «Падма-пуране» сказана, што той, хто ставіць Вярхоўнага Госпада Крышну на адзін ровень з напаўбагамі, няхай гэта будзе нават Брахма ці Шыва, адразу ж робіцца атэістам. Той жа, хто старанна вывучыць шматлікія апісаньні багацьцяў Крышны і праяўленьняў Ягонай энэргіі, без сумневу, зразумее становішча Госпада Шры Крышны і заўсёды будзе пакланяцца толькі Яму. Госпад усюдыісны праз Сваю частковую экспансыю, Звышдушу, якая ўваходзіць ва ўсё існае. Ведаючы гэта, чыстыя адданыя засяроджваюць свой вум на Крышне, увесь час служачы Яму, і таму яны заўсёды застаюцца на духоўным узроўні. Пра адданае служэньне і пакланеньне Крышне прама гаворыцца ў гэтай частцы, у вершах з восьмага па адзінаццаты. Там апісаны ўвесь шлях чыстага адданага служэньня. У дадзенай частцы было дэталёва расказана пра тое, як дасягнуць вышэйшай ступені дасканаласьці ў адданым служэньні – уступіць у зносіны зь Вярхоўнай Асобай Бога. Шрыла Баладэва Відзьябхушана, вялікі ачар’я ў ланцугу настаўнікаў, які пачынаецца ад Крышны, завяршае свой камэнтар да дзясятай часткі «Бхагавад-гіты» такімі словамі:
Нават магутнае сонца чэрпае сілу зь бязьмежнай энэргіі Госпада Крышны, а Сваёй частковай экспансыяй Крышна падтрымлівае ўсё стварэньне. Таму менавіта Госпад Шры Крышна выступае тут, у дзясятай частцы, у якасьці аб’екта пакланеньня.
Так заканчваецца камэнтар Бхакціведанты да дзясятае часткі «Шрымад Бхагавад-гіты», якая называецца «Хараство Aбсалюта».