Бг. 12.9

अथ चित्तं समाधातुं न शक्न‍ोषि मयि स्थिरम् ।
अभ्यासयोगेन ततो मामिच्छाप्‍तुं धनञ्जय ॥ ९ ॥
атха чыттам самадхатум
на шакношы майі стхірам
абхйаса-йогена тато
мам іччхаптум дхананджайа

Паслоўны пераклад

атха — калі; чыттам — вум; самадхатум — засяродзіць; на шакношы — ня можаш; майі — на Мне; стхірам — увесь час; абхйаса-йогена — адданым служэньнем; татах — тады; мам — Мяне; іччха — жаданьне; аптум — дасягнуць; дханан-джайа — о Aрджуна, заваёўнік багацьцяў.

Пераклад

О Aрджуна, заваёўнік багацьцяў, калі ж ты ня можаш трымаць свой вум увесь час засяроджаным на Мне, то трымайся правілаў і прадпісаньняў бхакці-ёгі. Так ты разаўеш у сабе жаданьне дасягнуць Мяне.

Камэнтар

У дадзеным вершы гаворка ідзе пра дзьве формы бхакці-ёгі. Першай займаюцца тыя, хто ўжо разьвіў духоўную прыхільнасьць і любоў да Крышны, Вярхоўнай Асобы Бога. A другая прызначана для тых, хто не разьвіў духоўнай прыхільнасьці й любові да Вышэйшай Асобы. Для адданых другой катэгорыі існуюць шматлікія правілы і прадпісаньні, якімі трэба кіравацца, каб у канчатковым рахунку ў сэрцы зьявілася прыхільнасьць да Крышны.

Бхакці-ёга – гэта шлях ачышчэньня пачуцьцяў. Цяпер мы знаходзімся ў матэрыяльным сьвеце, таму нашы пачуцьці, прывязаныя да матэрыяльных задавальненьняў, заўсёды застаюцца апаганенымі. З дапамогай бхакці-ёгі пачуцьці можна ачысьціць, і тады яны непасрэдна даткнуцца зь Вярхоўным Госпадам. У матэрыяльным сьвеце я магу служыць нейкаму гаспадару, але я раблю гэта не зь любові, а з жаданьня зарабіць грошы. І гаспадар таксама не адчувае да мяне любові, ён карыстаецца маімі паслугамі і плаціць мне. Гэтыя адносіны заснаваныя не на любові. Аднак духоўнае жыцьцё патрабуе ад чалавека чыстай любові да Госпада. Дасягнуць гэтага ўзроўня можна з дапамогай практыкі адданага служэньня, якая займае нашы пакуль яшчэ апаганеныя пачуцьці.

Любоў да Госпада дрэмле ў сэрцы кожнай жывой істоты. У матэрыяльным сьвеце гэта любоў выяўляецца ў самых розных формах, але яна заўсёды застаецца апаганенай матэрыяльным уплывам. Таму так важна ачысьціць сэрца ад матэрыяльнай гнюсі і абудзіць дрымотную ў ім, спрадвечна ўласьцівую кожнаму любоў да Крышны. У гэтым іста бхакці-ёгі.

Каб практыкаваць бхакці-ёгу зь ейнымі правіламі і прадпісаньнямі, трэба прыняць дасьведчанага духоўнага настаўніка і пад ягоным кіраўніцтвам прытрымлівацца пэўных прынцыпаў: уставаць зранку, рабіць абмываньне, прыходзіць у храм, узносіць Госпаду малітвы, паўтараць мантру Харэ Крышна, зьбіраць кветкі і падносіць іх Боствам, гатаваць для Бостваў смачныя стравы, прымаць прасад і г. д. Ёсьць мноства розных правілаў, якімі павінен кіравацца адданы. Так, яму патрэбна рэгулярна слухаць «Бхагавад-гіту» й «Шрымад-Бхагаватам» з вуснаў чыстых адданых. Падобная практыка дапаможа нам разьвіць любоў да Госпада, і перад намі адкрыецца шлях, які вядзе ў Ягонае царства. Той, хто выконвае правілы і прадпісаньні бхакці-ёгі пад кіраўніцтвам духоўнага настаўніка, абавязкова дасягне любові да Бога.

Навігацыя галоўнага мэню