Той, хто нікому не прычыняе клопату і сам заўсёды застаецца спакойным і ў радасьці, і ў горы, хто ня ведае страху і трывогаў, – вельмі дарагі Мне.
Тут пералічаны яшчэ некалькі якасьцяў адданых. Адданы ніколі ня ставіць іншага чалавека ў цяжкае становішча і ніколі ня робіцца крыніцай трывогаў, страху ці незадаволенасьці для іншых. Жадаючы дабра кожнай жывой істоце, адданы ніколі ня стане прычыняць іншым турботаў. Разам з тым, калі яго самога спрабуюць патрывожыць, ён застаецца спакойным. Спакою ў любых, нават самых цяжкіх сытуацыях ён навучыўся з ласкі Госпада. Паколькі адданы заўсёды пагружаны ў сьвядомасьць Крышны і заняты адданым служэньнем, вонкавыя матэрыяльныя акалічнасьці ня могуць вывесьці яго з раўнавагі. У матэрыяльным сьвеце людзі звычайна вельмі цешацца з таго, што дае задавальненьне іх пачуцьцям, але, калі чалавек бачыць, што іншыя адчуваюць задавальненьні, якіх сам ён пазбаўлены, ён засмучаецца й пакутуе ад зайздрасьці. Чаканьне помсты ворагаў пагружае яго ў страх, а няўдачы прыводзяць у засмучэньне. Адданы, які вольны ад усіх гэтых турботаў, вельмі дарагі Крышне.