Бг. 2.55

श्रीभगवानुवाच
प्रजहाति यदा कामान्सर्वान्पार्थ मनोगतान् ।
आत्मन्येवात्मना तुष्टः स्थितप्रज्ञस्तदोच्यते ॥ ५५ ॥
шры-бхагаван увача
праджахаці йада каман
сарван партха мано-гатан
атманй эватмана тушта
стхіта-праджняс тадочйатэ

Паслоўны пераклад

шры-бхагаван увача — Вярхоўны Госпад сказаў; праджахаці — адхіляе; йада — калі; каман — жаданьні, зьвязаныя з пачуцьцёвымі задавальненьнямі; сарван — разнастайныя; партха — о сын Прытхі; манах-гатан — якія сышлі з вума; атмані — у чыстым стане душы; эва — безумоўна; атмана — ачышчаным розумам; туштах — здаволены; стхіта-праджнях — які знаходзіцца на духоўным узроўні; тада — тады; учйатэ — гаворыцца.

Пераклад

Вярхоўны Госпад сказаў: О Партха, пра чалавека, які ачысьціў свой вум ад усіх жаданьняў, што бяруць пачатак у пачуцьцях, і чэрпае задавальненьне толькі ў сваім сапраўдным «я», кажуць, што ён валодае чыстай, боскай сьвядомасьцю.

Камэнтар

У «Бхагаватам» гаворыцца, што той, хто ў поўнай меры разьвіў у сабе сьвядомасьць Крышны й аддана служыць Госпаду, валодае ўсімі добрымі якасьцямі вялікіх мудрацоў, тады як у чалавека, які не дасягнуў духоўнага ўзроўню, няма й ня можа быць ніякіх вартасьцяў, бо ён ува ўсім паводзіцца жадункамі свайго вума. Вось чаму тут сказана, што патрэбна ачысьціць вум ад усіх жаданьняў, зьвязаных з пачуцьцёвымі задавальненьнямі. Гэтыя жаданьні немагчыма проста здушыць. Але калі чалавек займаецца практыкай сьвядомасьці Крышны, яны зьнікаюць самі сабой, без дадатковых намаганьняў. Таму трэба рашуча прысьвяціць сябе дзейнасьці ў сьвядомасьці Крышны, і адданае служэньне ў хуткім часе дапаможа нам разьвіць боскую сьвядомасьць. Той, хто дасягнуў духоўнае дасканаласьці, заўсёды чэрпае задавальненьне ў самім сабе, усьведамляючы сябе вечным слугой Вярхоўнага Госпада. Такі чалавек не пераймае матэрыялістаў і не імкнецца задавальняць жадункі сваіх пачуцьцяў. Ён заўсёды шчасьлівы й здаволены, займаючы сваё натуральнае становішча вечнага слугі Вярхоўнага Госпада.

Навігацыя галоўнага мэню